„Белнафтахім” чакае танкер з азербайджанскай нафтай
Канцэрн „Белнафтахім” чакае чарговы танкер з азербайджанскай нафтай ад дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджана SOCAR у порце Адэсы да канца чэрвеня, паведаміў сёння, 24 чніўня, журналістам прэс-сакратар канцэрна Аляксандр Цішчанка.
„Такая пастаўка ёсць у нашым графіку. Да канца месяца чакаем танкер у порце Адэсы”, – сказаў Аляксандр Цішчанка.
Ён пацвердзіў, што аб’ём партыі складзе 85-90 тыс. т нафты. „На Мазырскім НПЗ гэту нафту чакаем атрымаць 10-15 ліпеня”, – дадаў ён.
Што датычыцца іншых танкерных паставак, то Аляксандр Цішчанка адзначыў, што „работа над гэтым ідзе”.
Як паведаміў агенцтву „Інтэрфакс-Азербайджан” намеснік начальніка дэпартамента па арганізацыі мерапрыемстваў і сувязях з грамадскасцю SOCAR Ібрагім Ахмедаў, кампанія плануе арыенціровачна 25-26 чэрвеня адправіць для Беларусі партыю нафты з грузінскага порта Супса.
SOCAR Trading (даччыная структура SOCAR) за сакавік-красавік паставіла беларускаму канцэрну „Белнафтахім” чатыры партыі нафты агульным аб’ёмам каля 335 тыс. т праз порт Адэсы і нафтаправод Адэса – Броды на Мазырскі НПЗ. З іх тры партыі агульным аб’ёмам каля 250 тыс. т былі адпраўлены ў сакавіку і адна партыя аб’ёмам 85 тыс. т – у красавіку.
Старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў паведамляў, што SOCAR у бягучым годзе можа паставіць у Беларусь да 1 млн т нафты.
Фота turantoday.com