„Белнафтахім” чарговы раз падвысіў цэны на паліва



Канцэрн „Белнафтахім” сёмы раз у 2020 годзе павысіў цэны на паліва на аўтазаправачных станцыях. Традыцыйна цэны павялічыліся на 1 капейку.

„З улікам таго, што працягваецца тэндэнцыя зніжэння курсу нацыянальнай валюты, з 16 лютага на аўтазаправачных станцыях кошт аўтамабільнага паліва змяняецца на 1 капейку”, — гаворыцца ў паведамленні дзяржканцэрна.

Кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,71 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,81 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 2,03 рубля, дызельнага паліва — 1,81 рубля.

З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ „Белнафтахім” у 2018-м і да восені 2019 года практычна штотыдзень уздымаў цану на аўтамабільнае паліва. З канца верасня рост прыпыніўся больш чым на месяц і зноў аднавіўся 24 лістапада — праз тыдзень пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў. Апошнім разам цэны на паліва былі павышаныя 9 лютага.

Старшыня „Белнафтахіма” Андрэй Рыбакоў лічыць, што ў цяперашняй сітуацыі абраная канцэрнам стратэгія паэтапнага змянення цэн на паліва застаецца аптымальным варыянтам.

„Мы бачым, што на сусветным рынку цэны на вуглевадародную сыравіну ўпэўнена растуць. Некаторыя эксперты мяркуюць, што цана на нафту можа перавысіць 80 долараў за бараль. Нагадаю, што для беларускіх НПЗ цана на нафту расце яшчэ і за кошт падатковага манеўру, і ў 2020 годзе яна ўжо будзе складаць (з улікам выплаты пошлін на нафтапрадукты) каля 83% ад сусветнай”, — сказаў Рыбакоў парталу „Нафтахімія” ў інтэрв’ю, апублікаваным 29 студзеня.

„Мы бачым, колькі каштуе паліва ў краінах з рынкавым цэнаўтварэннем на гэты тавар, таму пэўныя карэкціроўкі ўзроўню цэн спатрэбяцца”, — дапоўніў ён.

Тым не менш, працягнуў Рыбакоў, „Белнафтахім” па-ранейшаму будзе зыходзіць з захавання балансу інтарэсаў вытворцаў і спажыўцоў паліва.

belapan.by

Фота: politring.com