„Белнафтахім”: Да канца года цэны на паліва плануецца павялічыць яшчэ на 5-6%
Пры нязменнасці наяўных умоў гаспадарання, у тым ліку цэн на нафту і курсу беларускага рубля, да канца года цэны на паліва плануецца павялічыць яшчэ на 5-6%, паведаміла намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Святлана Гурына 14 красавіка на пасяджэнні грамадска-кансультацыйнага (экспертнага) савета па развіцці прадпрымальніцтва пры канцэрне. Пратакол пасяджэння апублікаваны на сайце ведамства.
Паводле слоў Гурынай, „палітыка цэнаўтварэння канцэрна скіраваная на ўтрыманне прымальнага для эканомікі і насельніцтва ўзроўню цэн на паліва, і таму ў якасці метаду цэнавага рэгулявання рынку абранае ўсталяванне межавых максімальных цэн”.
Адпускныя цэны вытворцаў фармуюцца з улікам выдаткаў на вытворчасць нафтапрадуктаў, падаткаў, што ўключаюцца ў цану, і неабходнай для развіцця нормы прыбытковасці, падкрэсліла яна. Гурына адзначыла, што мэтавы параметр даходнасці беларускіх НПЗ вызначаны на ўзроўні рэнтабельнасці продажу прыблізна 3%. Расходы на куплю нафты ў выдатках складаюць прыкладна 90%.
Намеснік старшыні канцэрна паведаміла, што калі ў 2020 годзе сярэдняя сусветная цана нафты складала 41,7 даляра ЗША за бараль, то ўжо ў студзені 2021 года яна вырасла да 54,8 даляра, у сакавіку — дасягнула 65,6 даляра. У сярэднім за квартал цана на нафту за кошт змены каціровак вырасла на 21% да аналагічнага леташняга перыяду. Як заўважыла Гурына, дадатковы негатыўны ўплыў на эканоміку НПЗ робіць змена курсу беларускага рубля з улікам высокага імпартнага складніку ў аперацыйных выдатках. Такім чынам, межавы ўзровень цэн з пачатку года павялічаны на 10 капеек.
Пры гэтым, паводле слоў Гурынай, кошт паліва застаецца мінімальным у параўнанні з яго коштам у сумежных дзяржавах, якія не прымяняюць бюджэтны механізм дэмпфавання цэн. Так, бензін маркі АІ-92 на 14 красавіка каштуе 1,8 рубля за літр, або 0,68 даляра. Чыноўнік нагадала, што для адаптацыі спажыўцоў да змены цэн канцэрнам прынятая стратэгія штотыднёвай змены цэн паліва не больш як на капейку за літр.
„У такім выпадку паліва не зніжаецца на такі ж працэнт, як падае цана нафты, але і не расце такім жа тэмпам у перыяд росту каціровак”, — растлумачыла яна. Прадстаўнік канцэрна адзначыла, што „ў сумежных еўрапейскіх краінах цэны змяняюцца з большай амплітудай, але нават у перыяд пікавага падзення на нафту ў другім квартале 2020 года цэны на еўрапейскіх АЗС не знізіліся да ўзроўню, які дзейнічае на беларускім рынку”.
„У мэтах захавання цэнавай стабільнасці на рынку нафтапрадуктаў канцэрн у 2021 годзе працягне рэалізацыю стратэгіі паэтапнай змены цэн з улікам усебаковай ацэнкі змены кан’юнктуры рынкаў і аналізу эканамічнага становішча вытворцаў”, — сказала Гурына.
Сярод далейшых крокаў у цэнавай палітыцы канцэрна яна назвала пераход да „формульнага цэнаўтварэння пры заключэнні доўгатэрміновых кантрактаў са спажыўцамі, пашырэнне сістэмы зніжак, якія даюцца пакупнікам, і развіццё праграм лаяльнасці на АЗС у мэтах стымулявання да росту аб’ёмаў спажывання паліва, а таксама спадарожных тавараў і паслуг”.
13 красавіка раздробныя цэны на маторнае паліва на АЗС былі павышаныя ў дзесяты раз з пачатку года. Цэны таксама падымаліся 20 і 27 студзеня, 16 і 23 лютага, 2, 10, 16 і 30 сакавіка, 6 красавіка.
Мінфін раней паведаміў, што ў 2021 годзе паліва падаражэе на 6%. Згодна з падлікамі БелаПАН, з пачатку года кошт паліва АІ-98-К5-Еўра вырас на 4,95%, АІ-95-К5-Еўра і дызпаліва — на 5,56%, АІ-92-К5-Еўра — на 5,88%.