„Белнафтахім”: Магчымая кампенсацыя за забруджаную нафту – $70 млн



Канцэрн „Белнафтахім” разлічвае да канца года вырашыць пытанне па кампенсацыі за забруджаную нафту, паведаміў журналістам старшыня канцэрна Андрэй Рыбакоў.

 

„Мы з калегамі вядзём нармальную работу па канчатковым урэгуляванні пытання. Знаходзімся на заключнай стадыі выпрацоўкі рашэнняў, якія дадуць магчымасць нам гэту старонку перагарнуць канчаткова і, спадзяюся, беспаваротна, – адзначыў Андрэй Рыбакоў. – Дэдлайну (па вырашэнні пытання кампенсацыі за забруджаную нафту. – Заўвага БЕЛТА) няма, але мы, вядома, хацелі б увайсці ў новы год з чыстага ліста”.

Адказваючы на ​​пытанне аб магчымым памеры кампенсацыі на ўзроўні $70 млн, старшыня „Белнафтахіма” растлумачыў, што гэта адзін з магчымых варыянтаў разлікаў.

„У нас вядзецца цяпер размова паміж канцэрнам і Міністэрствам энергетыкі РФ. Спадзяёмся, выпрацаваныя рашэнні дадуць магчымасць перагарнуць гэту старонку”, – рэзюмаваў Андрэй Рыбакоў.

Як паведамлялася, „Белнафтахім” 19 красавіка заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расейскай нафты Urals, якая паступала па трубаправодзе „Дружба”. Колькасць хлорарганічных злучэнняў у нафце ў дзясяткі разоў перасягала гранічныя значэнні па стандарту. У выніку шэраг краін перастаў прымаць і перапрацоўваць расейскую нафту. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы – Мазырскі НПЗ і ААТ „Нафтан” – вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцей і панеслі страты, урон быў нанесены і трубаправоднай сістэме.

belta.by