„Белнафтахім” паведаміў пра аднаўленне паставак расейскай нафты
Канцэрн „Белнафтахім” увечары 4 студзеня паведаміў пра аднаўленне паставак расейскай нафты. Пры гэтым гаворка ідзе пра дамоўленасці на роўні суб’ектаў гаспадарання, а не паміж уладамі дзвюх краін.
„У мэтах забеспячэння надзейнай працы нафтаперапрацоўчых заводаў і надзейнага забеспячэння ўнутранага рынку нафтапрадуктамі з адной з расейскіх нафтавых кампаній дасягнута дамоўленасць аб тым, што каля 130 тыс. тон нафты будзе пастаўлена”, — паведаміў намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Уладзімір Сізоў у эфіры вячэрніх навінавых праграм беларускіх тэлеканалаў.
„На першым этапе дамоўленасць дасягнута, выходзім на [месячны] аб’ём каля 600 тыс., — сказаў Сізоў. — 600 тыс. паставак у студзені месяцы з улікам ужо назапашаных рэсурсаў дазволіць бесперабойна функцыянаваць абодвум беларускім нафтаперапрацоўчым заводам і адпаведна выконваць абавязацельствы па ўнутраным рынку і абмежавана выконваць абавязацельствы па экспарце”.
„Задача стаіць дасягнуць максімальны эфект для Рэспублікі Беларусь ва ўмовах на нафту, якая пастаўляецца. І тут галоўным крытэрыем мы для сябе бачым атрыманне максімальнага эфекту эканамічнага для таго, каб не дапусціць рэзкага росту цэн на нафтапрадукты для беларускіх спажыўцоў”, — сказаў прадстаўнік канцэрна.
У сюжэце на канале „Беларусь 1” са спасылкай на канцэрн было адзначана, што нафта купляецца без прэмій для пастаўшчыка, а зняць усе абмежаванні на экспарт „Белнафтахім” плануе да канца студзеня, калі падзеі будуць развівацца па аптымістычным сцэнары.
Днём 4 студзеня канцэрн паведаміў, што „праца па заключэнні кантрактаў на пастаўку вуглевадароднай сыравіны з Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь па цане, якая выключае прэмію пастаўшчыкам, працягваецца”, „афармляюцца дакументы з расійскай кампаніяй на прапампоўку першай партыі нафты, якая закупляецца па кошце без прэміі”. Беларускі бок не называе пастаўшчыка, расейскія СМІ са спасылкай на свае крыніцы пішуць пра структуру блізкага да Аляксандра Лукашэнкі расійскага алігарха Міхаіла Гуцарыева.
У гэты ж дзень „Белнафтахім” аб’явіў пра чарговае нядзельнае (5 студзеня) павышэнне на адну капейку рознічных цэн на аўтамабільнае паліва. Паведамленне аб павелічэнні цэн суправаджаў нетыпова доўгі каментар. У ім, у прыватнасці, адзначалася, што „ў новых умовах гаспадарання, абумоўленых штогадовым змяненнем параметраў падатковага манеўру, які прыводзіць да падаражання цаны нафты, што закупляецца беларускімі НПЗ, карэкціроўка цэн на маторнае паліва неабходная для падтрымання эфектыўнай працы айчынных заводаў”. „За 2019 год цэны на маторнае паліва ў рэспубліцы ў сярэднім былі павялічаныя на 13%, у той час як сусветная каціроўка нафты за названы перыяд вырасла на 17%. У студзені 2020 года каціроўкі нафты працягваюць павялічвацца, дасягаючы ў асобныя перыяды 68 долараў ЗША. Пры наяўным узроўні сусветнай каціроўкі толькі ў выніку негатыўнага ўплыву падатковага манеўру кошт нафты для беларускіх НПЗ у дачыненні да папярэдняга года вырасце больш чым на 20 долараў ЗША на 1 тону, што складае 5% да ўзроўню цаны 2019 года”, — гаварылася ў каментары.
4 студзеня па ініцыятыве беларускага боку пытанні паставак нафты абмеркавалі па тэлефоне прэм’ер-міністры дзвюх краін Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў. Падрабязнасці ў рэлізах прэс-службаў абодвух урадаў не прыводзяцца.
3 студзеня „Белнафтахім” заявіў, што „сітуацыя, якая склалася, — не лепшы этап у эканамічным супрацоўніцтве з расійскімі партнёрамі”. „З улікам рэалізацыі чарговага этапу падатковага манеўру ў Расейскай Федэрацыі цана на „танную бязмытную расейскую нафту” на сённяшні дзень складае 83% ад сусветнай. Безумоўна, з улікам кампенсацыі, якую Расейская Федэрацыя дае сваім нафтаперапрацоўчым заводам, гэта негатыўна адбіваецца на дыспарытэце цэн на ўнутраных рынках Расеі і Беларусі”, — падкрэслівалася ў рэлізе.
1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь: 31 снежня скончыліся гадавыя кантракты, а новыя пакуль не падпісаныя. Пасля спынення паставак нафты Беларусь спыніла экспарт нафтапрадуктаў. Транзіт нафты праз Беларусь ажыццяўляецца без абмежаванняў.
У апошні дзень 2019 года Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўнікамі айчыннага нафтахімічнага комплексу і даручыў „у найбліжэйшыя гадзіны” заключыць дагаворы на пастаўку нафты з Расеі і забяспечыць яе набыццё з альтэрнатыўных крыніц. Перш за ўсё размова ідзе аб пастаўках чыгуначным транспартам з партоў на Балтыцы, а таксама аб задзейнічанні для альтэрнатыўных паставак нафтаправода „Дружба”.