„Белнафтахім”: Перамовы з амерыканскімі пастаўшчыкамі нафты пакуль не пачаліся



Белнафтахім” не выключае магчымасці паставак нафты з ЗША, але перамовы пра гэта пакуль не пачаліся, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар канцэрна Аляксандр Цішчанка.

„Мы не выключаем магчымасці працы з амерыканскімі пастаўшчыкамі. Тым больш яны не раз гэта прапаноўвалі”, — заявіў Цішчанка. Пры гэтым ён адзначыў, што „перамоўны працэс пакуль не пачаўся”.

Як паведамлялася, дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа ў тэлефоннай размове з кіраўніком МЗС Уладзімірам Макеем 13 сакавіка пацвердзіў гатоўнасць амерыканскіх кампаній неадкладна пачаць пастаўкі нафты ў Беларусь, паведаміла кіраўнік прэс-службы Дзярждэпартамента Морган Ортагус.

„Дзяржсакратар Пампеа падзякаваў міністру замежных спраў Макею за паспяховы візіт у Мінск 1 лютага і зноў заявіў аб падтрымцы ЗША беларускага суверэнітэту. Дзяржсакратар пацвердзіў гатоўнасць амерыканскіх кампаній неадкладна пачаць пастаўкі нафты ў Беларусь па канкурэнтных рынкавых цэнах”, — гаварылася ў паведамленні.

Майкл Пампеа наведаў Мінск 1 лютага 2020 года. Гэта быў першы за апошнія 25 гадоў візіт у Беларусь дзяржсакратара ЗША. Паводле вынікаў перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам дзяржсакратар заявіў, што амерыканскія вытворцы гатовыя забяспечыць Беларусь нафтай на 100% па канкурэнтных цэнах.

БелаПАН