„Белнафтахім” прапаноўвае ўвязаць цэны на паліва з цэнамі на нафту



У Беларусі вядзецца распрацоўка механізму, у выпадку ўкаранення якога цэны на паліва на ўнутраным рынку будуць залежаць ад дынамікі цэн на нафту.

Паводле дадзеных „Белнафтахіма”, на прыбытковасць беларускіх НПЗ сёння адмоўна ўплываюць цэны на ўнутраным рынку, якія рэгулюе дзяржава.

„Прыбытковасць шмат у чым залежыць ад палітыкі цэнаўтварэння. Яшчэ дзесяць гадоў таму даходнасць ад паставак нафтапрадуктаў на экспарт дазваляла кампенсаваць страту НПЗ пры адмоўнай эфектыўнасці рэалізацыі аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку”, — нагадаў намеснік старшыні „Белнафтахіма” Уладзімір Сізоў у інтэрв’ю, апублікаваным у апошнім выпуску весніка, які выдае канцэрн.

У сувязі з гэтым ён адзначыў, што цяпер вядзецца падрыхтоўка механізму, у выпадку зацвярджэння якога цэны на паліва на ўнутраным рынку будуць залежаць ад сусветных цэн на нафту.

„Цяпер, калі цэны на сыравіну для беларускіх НПЗ выраўноўваюцца з сусветнай кан’юнктурай, вядзецца праца, вынікам якой павінна стаць формульнае цэнаўтварэнне на нафтапрадукты ў залежнасці ад цэн на нафту. Гэтыя меры дадуць магчымасць забяспечыць эфектыўныя ўмовы для працы беларускіх НПЗ у новых рыначных умовах”, — растлумачыў Сізоў.

На яго думку, дзяржава імкнецца фарміраваць цэны на нафтапрадукты акуратна, улічваючы сацыяльныя наступствы дзеянняў у гэтым кірунку.

„Са свайго боку мы ставім пытанне аб тым, што для падтрымання нафтаперапрацоўчай галіны ў працаздольным стане, для магчымасці праводзіць рэканструкцыю, развівацца, атрымліваць прадукты, якія будуць задавальняць існым і перспектыўным патрабаванням якасці, павінна быць дакладнае, празрыстае цэнаўтварэнне ўнутры краіны”, — падкрэсліў Сізоў.

На яго думку, цэны на нафтапрадукты павінны адлюстроўваць рэальны кошт сыравіны, з якой яны атрыманы.

„Згодна з законамі эканомікі любы завод павінен атрымліваць абгрунтаваны прыбытак для таго, каб падтрымліваць сваё існаванне і накіроўваць фінансавыя сродкі на далейшае развіццё”, — адзначыў намеснік старшыні „Белнафтахіма”.

Нагадаем, у 2018 годзе ўжо 14 разоў павышаліся цэны на аўтамабільнае паліва. Апошні раз цэны былі павялічаныя на адну капейку 2 верасня.

„З мэтай кампенсацыі для НПЗ росту цаны на нафту працягваецца паэтапнае павышэнне цэн на аўтамабільнае паліва”, — растлумачыў прынятае рашэнне канцэрн „Белнафтахім”.

З 2 верасня кошт бензіну АІ-92-К5-Еўра складае 1,33 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,41 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,62 рубля, ДП — 1,41 рубля.

Паводле дадзеных „Белнафтахіма”, за сем месяцаў 2018 года ў дачыненні да аналагічнага леташняга перыяду цана нафты для беларускіх НПЗ вырасла на 35%. Пры гэтым цэны на нафтапрадукты, што рэалізуюцца на ўнутраным рынку, за названы перыяд выраслі ў сярэднім на 14%.

belapan.by