“Белнафтахім” прапануе падняць цэны на паліва



“Белнафтахім” лічыць, што толькі для таго, каб кампенсаваць рост кошту нафты, трэба падняць цэны на паліва на аўтазапраўках на 23%. Пра гэта ў інтэрв’ю газеце “СБ. Беларусь сегодня” распавёў намеснік старшыні канцэрна Андрэй Рыбакоў.

Ён нагадаў, што ў жніўні-снежні 2017 года кошт нафты вырас на 25,8%. А сёлета на 10% павялічваюцца стаўкі акцызаў на маторнае паліва. “У дадзеных умовах для кампенсацыі страт НПЗ цэны на нафтапрадукты неабходна павялічваць”, — адзначыў Рыбакоў.

Намеснік старшыні “Белнафтахіма” кажа, што “назапашваецца псіхалагічна значны скачок”. Гэта значыць, што існуе неабходнасць істотна падняць цэны на паліва. “Канцэрт лічыць неабходным, як мінімум, прывесці беларускія кошты на аўтамабільнае паліва да парытэту з цэнамі расейскага рынку, якія цяпер вышэйшыя на 7-11%”, — кажа Андрэй Рыбакоў.

Ён падкрэсліў, што ўсе магчымыя варыянты “ўнутранага характару” для скарачэння затрат нафтаперапрацоўчымі заводамі ўжо выкарыстаныя.

Фота: sb.by