„Белнафтахім” прапрацоўвае пастаўку нафты праз Гданьск



„Белнафтахім” прапрацоўвае пастаўку нафты праз польскі Гданьск, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар канцэрна Аляксандр Цішчанка.

„Пачалі працаваць паўночны і паўднёвы напрамкі, у завяршальнай стадыі падрыхтоўкі знаходзіцца заходняя лінія (пастаўкі праз Гданьск). Усё, што трэба дапрацаваць, пастаўлена ўжо ў графік рэалізацыі, уключаючы пытанні польскага рэверсу і будаўніцтва перамычкі „Гомель – Горкі”, – сказаў Аляксандр Цішчанка.

Паводле ацэнкі прэс-сакратара „беларуская нафтанка ў I квартале гэтага года краш-тэст вытрымала”. „Па лініі паставак нафты істотна абноўлены партнёрскі пул, у якім да расійскіх кампаній дабавіліся пастаўшчыкі з Азербайджана, Нарвегіі і Саудаўскай Аравіі. Прадаўжаецца работа з амерыканскімі вытворцамі. Сёння на рынку энерганосьбітаў у выніку аб’ектыўных прычын прапаноў і магчымасцей больш чым дастаткова. Да таго ж разам з усведамленнем непазбежнасці дыверсіфікацыі паставак нафты вызначаны яе напрамкі і лагістыка. Рынак з пункту гледжання паставак стаў больш сегментаваны”, – растлумачыў ён.

Аляксандр Цішчанка адзначыў: на беларускіх НПЗ практычна апрабаваны розныя варыянты перапрацоўкі новых відаў сыравіны. „Вынікі нас задавольваюць. Мы разлічваем значна падрыхтавацца да новага рынку нафты, які сфарміруецца пасля крызісу і пандэміі”, – дадаў ён.

Як паведамляў першы намеснік прэм’ер-міністра Дзмітрый Круты, тэма альтэрнатыўнай сыравіны будзе пастаяннай у беларускім нафтавым парадку дня. „Работа з усімі краінамі, у якіх мы ўжо нафту купілі (азербайджанскую, нарвежскую), і нашымі новымі партнёрамі, такімі як Саудаўская Аравія і ЗША, будзе прадаўжацца. Безумоўна, будзем старацца дабівацца максімальна выгадных умоў гэтых паставак”, – сказаў Дзмітрый Круты.

Адказваючы на пытанне аб пастаўках амерыканскай нафты, першы віцэ-прэм’ер пацвердзіў, што яны магчымы праз Польшчу. Ён лічыць, што перагаворы актывізуюцца пасля зняцця каранціну ў Польшчы.

Як паведамлялася, у гэтым годзе Беларусь закупляла для сваіх НПЗ нарвежскую і азербайджанскую нафту з перавалкай у партах Клайпеды і Адэсы адпаведна. 11 мая ў Клайпедскім порце чакаецца першая партыя нафты ад нацыянальнай нафтавай кампаніі Саудаўскай Аравіі Saudi Aramco – 80 тыс. т.

БелТА