„Белнафтахім” працягвае перамовы з Польшчай па рэверсных пастаўках нафты
„Белнафтахім” працягвае перамовы з Польшчай па арганізацыі рэверсных паставак нафты, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе канцэрна.
„Прадаўжаюцца перагаворы з польскім бокам па арганізацыі рэверсных паставак нафты па нафтаправодзе „Дружба” з тэрыторыі Польшчы на тэрыторыю Беларусі”, – сказалі ў прэс-службе.
Як раней заяўляў журналістам першы намеснік генеральнага дырэктара – галоўны інжынер ААТ „Гомельтранснафта Дружба” Андрэй Вярыга, дастаўка нафты з Польшчы ў рэжыме рэверсу тэхнічна магчыма. Фактычна гэты метад быў рэалізаваны, калі пасля красавіцкага інцыдэнту ў 2019 годзе выцяснялі забруджаную нафту з польскага Гданьска ў Расею. Аднак, паводле яго слоў, у польскага боку няма тэхнічнай магчымасці адначасова пампаваць нафту ў двухбаковым рэжыме – „да сябе і ад сябе”, таму рэверсная дастаўка магчыма толькі са спыненнямі.
Як паведамлялася, кантракты на пастаўку ў Беларусь расейскай нафты завяршыліся 31 снежня 2019 года. З таго часу бакі вядуць перагаворы аб іх падаўжэнні. З 4 студзеня пастаўкі сыравіны ў краіну аднавілі падкантрольныя расійскаму бізнесмену Міхаілу Гуцарыеву кампаніі „РусНафта” і „Нафціса”. Акрамя таго, першая партыя нарвежскай нафты паступіла 26 студзеня на НПЗ „Нафтан”.
7 лютага прайшлі чарговыя перагаворы з удзелам прэзідэнтаў Беларусі і Расеі, па выніках якіх было заяўлена, што Менск і Масква прадоўжаць абмяркоўваць пастаўкі нафты выключна на камерцыйных умовах.
Напярэдадні таксама стала вядома, што НК „Янгпур” (даччыная кампанія ВА „Беларуснафта”), якая вядзе здабычу нафты ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, плануе пастаўляць нафту ў Беларусь. Пры гэтым аб’ёмы, а таксама графікі паставак у „Белнафтахіме” пакуль не каменціравалі.