„Белнафтахім” праводзіць апытанне аб стратэгіі падвышэння цэн на паліва



Беларускі дзяржаўны канцэрн па нафце і хіміі („Белнафтахім”) праводзіць інтэрнэт-апытанне грамадзян для вызначэння далейшай стратэгіі змены цэн на аўтамабільнае паліва.

Як паведамляе прэс-служба канцэрна, адказаць на пытанне, за які від цэнаўтварэння выступаюць грамадзяне — рынкавае ці дырэктыўнае, можна на афіцыйным сайце РУП „ВА „Беларуснафта”.

Другое апытанне тычыцца тактыкі змены цэн. У карыстальнікаў партала навін пра нафту www.neft.by цікавяцца, які від падвышэння цэн для іх больш пераважны — аднаразовы або паэтапны.

18 лістапада кошт аўтамабільнага паліва на АЗС Беларусі зноў павялічыўся на капейку. Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра склала 1,42 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,51 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,72 рубля, ДП — 1,51 рубля за літр. Гэтае падаражанне стала 24-й зменай цэн на паліва ў 2018 годзе. Папярэдні раз цэны былі павялічаныя на капейку 11 лістапада.

Пра тое, што цэны на паліва на АЗС будуць змяняцца паступова, заявіў старшыня „Белнафтахіма” Андрэй Рыбакоў 15 лістапада ў Наваполацку на сустрэчы з калектывам ААТ „Нафтан”.

БелаПАН