„Белнафтахім” разлічвае да канца года атрымаць кампенсацыю стратаў



У канцэрне „Белнафтахім” разлічваюць да канца года атрымаць кампенсацыю асноўнай масы страт з-за паставак у Беларусь забруджанай хларыдамі расейскай нафты па трубаправодзе „Дружба”. Пра гэта паведаміў старшыня канцэрна Андрэй Рыбакоў у эфіры тэлеканала „Беларусь 1”.

„У дадзены перыяд ідзе адпрацоўка з расійскім бокам розных механізмаў кампенсацыі. На жаль, яна не так хутка адбываецца. Многія падлікі патрабуюць спынення абсталявання, гэта выконваецца толькі ў перыяд прыпыначных рамонтаў”, — адзначыў кіраўнік „Белнафтахіма”.

Паводле яго слоў, праца вядзецца пастаянна. „Мы разлічваем, што да канца года зможам асноўную масу страт кампенсаваць альбо зрабіць якасныя, дакладныя разлікі, якія не будуць выклікаць ніякіх спрэчак паміж намі і суб`ектамі РФ. Адпаведна, кампенсаваць астатнія страты, якія мы будзем бачыць”, — сказаў Рыбакоў.

Нагадаем, у красавіку канцэрн „Белнафтахім” выявіў у расейскай нафце павышанае ўтрыманне дыхлорэтану і, каб пазбегнуць аварыі на НПЗ, знізіў перапрацоўку і экспарт нафтапрадуктаў. Пасля таго як прымаць няякасную сыравіну адмовіліся замежныя спажыўцы, транзіт па „Дружбе” быў цалкам спынены, у маі пастаўкі былі адноўленыя.

Тады ж Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што з-за паставак няякаснай нафты Беларусь страціла „велізарныя грошы” — сотні мільёнаў долараў. Паводле ацэнкі беларускіх спецыялістаў, недаатрыманая выручка ад рэалізацыі нафтапрадуктаў у красавіку склала 108 млн долараў, а шкода ад псавання абсталявання Мазырскага НПЗ — прыкладна 30 млн долараў.

Ацэнкай шкоды ад аварыі на „Дружбе” займаецца рабочая група, створаная Беларуссю і Расеяй.

На думку Нацыянальнага банка Беларусі, паступленне ў краіну забруджанай расейскай нафты ў Беларусь прывяло да істотнага запаволення тэмпаў эканамічнага росту. „Прырост рэальнага ВУП запаволіўся з 1,3% у першым квартале 2019 года да 0,5% у другім квартале 2019 года да адпаведнага квартала папярэдняга года”, — гаворыцца ў апошнім аглядзе Нацбанка, дзе аналізуецца дынаміка макраэканамічных паказчыкаў.

belapan.by