„Белнафтахім”: Якасная нафта паступіць на Мазырскі НПЗ пасля 4 мая
Якасная нафта паступіць на Мазырскі НПЗ не раней за 4 мая, паведаміла прэс-служба канцэрна „Белнафтахім”.
Паводле інфармацыі дыспетчарскай службы ААТ „Гомельтранснафта Дружба”, 29 красавіка ў 17.40 услед за раздзяляльным снарадам пачалася прапампоўка нафты, якая адпавядае стандартным параметрам, ад расейскай лінейнай вытворчай дыспетчарскай станцыі (ЛВДС) „Унеча” (Бранская вобласць) у бок беларуска-расейскай мяжы і ЛВДС „Мазыр”, гаворыцца ў рэлізе.
Па стане на 9.00 30 красавіка снарад і якасная нафта знаходзяцца на 30-м км шляху ад Унечы.
Наступным этапам дарожнай карты, паведамляе „Белнафтахім”, прадугледжваецца выцясненне няякаснай нафты ў аб’ёме каля 50 тыс. тон з расейскага ўчастка ў рэзервуарны парк ЛВДС „Унеча”. З беларускага ўчастка ад мяжы з РФ забруджаная нафта ў колькасці больш за 120 тыс. тон будзе выцесненая ў рэзервуарны парк ЛВДС „Мазыр”.
Як адзначае канцэрн, з улікам хуткасці і графіка руху нафты, а таксама адлегласці (106 км ад ЛВДС „Унеча” да мяжы) прыбыццё нафты на беларускую тэрыторыю чакаецца не раней як у 23.00 2 мая. Пры гэтым на ЛВДС „Мазыр” адпаведная ДАСТу нафта паступіць не раней за 4 мая.
„Прынятыя меры дадуць магчымасць аднавіць працу толькі адной ніткі трубавода „Дружба”. Поўнае аднаўленне запатрабуе некалькіх месяцаў напружанай працы”, — падкрэсліваецца ў паведамленні канцэрна.
Паводле інфармацыі ведамства, урэгуляванне сітуацыі з пастаўкамі няякаснай расейскай нафты па магістральным нафтаводзе „Дружба” працягваецца. 30 красавіка зноў у Мінэнерга РФ праходзяць перамовы прадстаўнікоў канцэрна „Белнафтахім” і расейскіх нафтавых і нафтатранспартных кампаній.