„Белнафтахім” збіраецца пабудаваць вузел праверкі якасці нафты з РФ



„Белнафтахім” да канца года прыме рашэнне аб будаўніцтве на магістральным нафтаправодзе „Дружба” вузла праверкі якасці нафты з РФ, паведаміў 17 кастрычніка журналістам намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Уладзімір Сізоў на форуме „Нафтахімія”.

„Такое рашэнне цяпер у стадыі прыняцця, мы чакаем, што да канца года яно можа быць атрымана”, – сказаў Уладзімір Сізоў.

Пры гэтым ён не ўдакладніў аб’ём інвестыцый, які можа спатрэбіцца для будаўніцтва вузла.

Першы намеснік генеральнага дырэктара – галоўны інжынер ААТ „Гомельтранснафта Дружба” Андрэй Верыга ў інтэрвʼю часопісу »Вестник Белнефтехима« паведамляў, што сітуацыя з паступленнем з Расеі забруджанай нафты ўнесла карэктывы ў падыходы па забеспячэнні бяспечнай і надзейнай дзейнасці беларускай часткі нафтаправода »Дружба«. »Цяпер абмяркоўваем з канцэрнам «Белнафтахім» пытанні будаўніцтва вузла ўліку і вымярэння якасці на ўваходзе трубаправода ў Рэспубліку Беларусь. Гэта дало б дадатковую гарантыю бяспекі, кантролю колькасці і якасці нафты, што паступае«, – растлумачыў Андрэй Верыга.

Як паведамлялася, »Белнафтахім« 19 красавіка заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці расейскай нафты Urals, якая паступае па трубаправодзе »Дружба«. Колькасць хлорарганічных злучэнняў у саставе нафты ў дзясяткі разоў перасягала гранічныя значэнні па стандарце. У выніку шэраг краін перастаў прымаць і перапрацоўваць расейскую нафту. Абодва беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы – Мазырскі НПЗ і ААТ »Нафтан« – вымушаны былі знізіць загрузку магутнасцяў і панеслі страты, страты былі нанесеныя і трубаправоднай сістэме.

БелТА