„Белнафтахім” зніжае цану на два віды маторнага паліва
Дзяржаўны канцэрн „Белнафтахім” 9 чэрвеня знізіў кошт двух відаў маторнага паліва.
„У адпаведнасці з прынятай канцэрнам палітыкай паэтапнай, стрыманай змены коштаў на аўтамабільнае паліва і ў сувязі са зніжэннем на працягу мінулага тыдня коштаў на нафту, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ, рознічныя цэны на АЗС з 9 чэрвеня на некаторыя віды маторнага паліва памяншаюцца на 1 капейку”, — гаворыцца ў паведамленні канцэрна.
Кошт бензіну АІ-95-К5-Еўра і ДП-К5 складае цяпер 1,68 рубля. Кошт бензінаў АІ-92-К5-Еўра і АІ-98-К5-Еўра не змяніўся.
Канцэрн рэгулюе кошт маторнага паліва на ўнутраным рынку, усталёўваючы гранічныя максімальныя цэны на нафтапрадукты.
З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ „Белнафтахім” другі год практычна штотыдзень падымае цану на аўтамабільнае паліва. У 2018 годзе большасць відаў паліва ў Беларусі даражэла 27 разоў. У бягучым годзе паліва ў Беларусі даражэла 15 разоў, апошні раз у мінулую нядзелю, 2 чэрвеня.
„Белнафтахім” заяўляе, што памяншэнне цэн на паліва можа прывесці да негатыўных наступстваў для эканомікі краіны.