„Белпошта” абвергла інфармацыю аб спыненні абслугоўвання картак „Белгазпрамбанка”
У РУП „Белпошта „не пацвердзілі інфармацыю аб спыненні абслугоўвання картак „Белгазпрамбанка”.
У кол-цэнтры РУП „Белпошта” карэспандэнту БелаПАН, які з’яўляецца кліентам банка, паведамілі, што абмежаванняў на прыём плацежных картак не ўводзілася. „Выдача сродкаў і плацяжы ажыццяўляюцца з любой карткі любога банка”, — сказалі ў кол-цэнтры.
Тэлеграм-канал Nexta 12 чэрвеня распаўсюдзіў інфармацыю аб сур’ёзных збоях у працы „Белгазпрамбанка” сёння, 12 чэрвеня, раніцай. „Як паведамляюць нашы падпісчыкі, рахункі юрыдычных асоб нечакана сталі заблакаваныя, а „Белпошта” (чыім партнёрам з’яўляецца якраз „Белгазпрамбанк”) спыніла прымаць плацяжы па картках”, — адзначалася ў паведамленні.
Атрымаць афіцыйны каментар у прэс-службе „Белгазпрамбанка” карэспандэнту БелаПАН пакуль не ўдалося.
Як паведамлялася, былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка прыняў рашэнне балатавацца ў прэзідэнты. 11 чэрвеня, у галаўным офісе „Белгазпрамбанка” праходзіў вобшук у межах крымінальнай справы па ўхіленні ад выплаты падаткаў і легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам
„Белгазпрамбанк” 11 чэрвеня распаўсюдзіў заяву, што працэсуальныя дзеянні па гэтай крымінальнай справе не паўплываюць на абслугоўванне кліентаў.
„Дадзеныя падзеі не паўплываюць на фінансавую ўстойлівасць банка, выкананне прынятых абавязацельстваў і абслугоўванне кліентаў, плацяжы якіх ажыццяўляюцца ў звычайным рэжыме”, — падкрэслівалася ў паведамленні „Белгазпрамбанка”.
Пры гэтым адзначалася, што ПАТ „Газпрам” і „Банк ГПБ (АТ)” „заяўляюць аб поўнай падтрымцы „Белгазпрамбанка” і гатоўнасці ў каардынацыі з Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь спрыяць вырашэнню сітуацыі, якая склалася”.
belapan.by