„Белстат” не будзе раскрываць звесткі пра замежны гандаль



Магчымасць закрыцця дадзеных пацвердзіла на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева. Паводле чыноўніцы, у гэтым вінаватыя санкцыі і ціск з-за мяжы.

“…пакуль ёсць такое стаўленне тых людзей, якія з’ехалі з Рэспублікі Беларусь у адносінах да Рэспублікі Беларусь і санкцыйнага ціску. Я магу толькі сказаць, што яны нам увесь час пішуць лісты, яны нам тэлефануюць на прамыя тэлефонныя лініі. І самае цікавае, што раз на два месяцы мы зазнаем магутную кібератаку. Значыць, тыя звесткі, якія сёння падае „Белстат”, яны паказваюць, што беларуская эканоміка аднаўляецца, і яны нікому не падабаюцца за мяжой”, — дадала Мядзведзева.

Светлагорскі камбінат аднавіў вытворчасць беленай цэлюлозы

Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат аднавіў вытворчасць сульфатнай беленай цэлюлозы, выпуск якой быў прыпынены пасля выбуху ў пачатку чэрвеня. “Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат выйшаў на бесперапынны і бяспечны рэжым працы. На сённяшні дзень завершаныя аднаўленчыя работы ў вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы пасля інцыдэнту ў чэрвені гэтага года ў цэху рэгенерацыі выпарвальнай станцыі. У цяперашні час стаіць задача выйсці на праектную магутнасць і завяршыць агульнабудаўнічыя работы”, — паведаміла прэс-служба прадпрыемства.

7 чэрвеня ў цэху выпаркі шкіпінару пры правядзенні прафілактычных і рамонтных работ адбыўся выбух. Тры чалавекі загінулі, два атрымалі цялесныя пашкоджанні. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле артыкула аб парушэнні правілаў бяспекі.

Мабільныя аператары анансавалі чарговыя змены для сваіх кліентаў

Аператар А1 паведаміў, што з 15 жніўня запусціў новыя тарыфныя планы — лінейку “Драйв”. Да прыкладу, тарыф “Драйв анлім” з безлімітным інтэрнэтам абыдзецца ў 27 рублёў за месяц. Для турыстаў, якія прыедуць у Беларусь, А1 запусціў тарыфны план “Драйв турыст” — з безлімітным доступам у мабільны інтэрнэт і 700 хвілінамі на выклікі ў сетцы ўсіх беларускіх аператараў. Цэннік — 35 рублёў за месяц.

Аператар life:) з 29 жніўня перастане аказваць некаторыя паслугі. Для кліентаў стануць недаступныя асобныя пакеты хвілін на тэлефонныя размовы (да прыкладу, паслуга “5 хвілін на ўсе сеткі на суткі”), а таксама інтэрнэт-пакеты (да прыкладу, “Безліміт ГБ за 34,9 рубля”). Кампанія life:) папярэджвае, што гэтыя паслугу будуць адключаныя ўсім абанентам, нявыкарыстаныя хвіліны і гігабайты будуць даступныя яшчэ 30 дзён.

Турызм істотна павялічыць унёсак у сусветную эканоміку

Сусветная рада па падарожжах і турызме (WTTC) падрыхтавала 10-гадовы прагноз развіцця галіны. Па звестках рады, гэтая галіна да 2033 года павінна стаць індустрыяй з абаротам у 15,5 трлн даляраў, што на 50% больш за паказчык 2019 года. Колькасць занятых ёй складзе 430 мільёнаў чалавек. Гэта складае прыкладна кожнае дзявятае працоўнае месца ў свеце.  

У справаздачы называецца пяцёрка самых магутных эканомік у галіне падарожжаў і турызму за 2022 год з пункта гледжання ўкладу ў ВУП. Гэта ЗША, Кітай, Германія, Вялікабрытанія і Японія. Але спецыялісты прагназуюць змену лідара. Калі зараз гэта ЗША з гадавым аб’ёмам вытворчасці ў 2 трыльёны даляраў, то праз дзесяць гадоў ім стане Кітай.

Пры гэтым галіна падарожжаў і турызму расце нашмат хутчэй, чым эканоміка ў цэлым. Калі чаканы рост сусветнага ВУП прагназуецца прыкладна на ўзроўні 2,6% на год, то ў гэтай галіне — 5,1%.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з адкрытых крыніц