Белстат: У студзені-лістападзе ВУП знізіўся на 0,9%



Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені—лістападзе 2020 года склаў 133,9 млрд рублёў, што на 0,9% менш, чым за такі ж леташні перыяд, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

У студзені 2020 года да аналагічнага перыяду 2019-га зніжэнне склала 1,9%, у студзені—лютым — 0,6%, студзені—сакавіку — 0,2%, студзені—красавіку — 1,3%, студзені—маі — 1,8%, студзені—чэрвені — 1,7%, студзені—ліпені— 1,6%, студзені—жніўні — 1,3%, студзені—верасні — 1,3%, студзені—кастрычніку — 1,1%.

Афіцыйны прагноз на гэты год прадугледжваў рост ВУП на 2,8%, аднак летам, улічваючы негатыўны ўплыў пандэміі на эканоміку, урад паставіў новую мэту — не дапусціць зніжэння ВУП у параўнанні з мінулым годам.

У сваю чаргу заходнія крэдыторы Беларусі прагназуюць, што паводле вынікаў года захаваецца рэцэсія. Згодна з ацэнкамі Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду, ВУП Беларусі сёлета скароціцца на 3-4%.

Еўразійскі банк развіцця чакае, што хуткасць аднаўлення беларускай эканомікі ад пандэміі будзе павольнай у сувязі з напружанай грамадска-палітычнай сітуацыяй унутры краіны, паведаміў 26 лістапада старшы аналітык цэнтра краінавага аналізу ЕАБР Анатоль Харытончык. Ён адзначыў, што ЕАБР прагназуе скарачэнне ВУП Беларусі ў 2020 годзе на 1,5%. „Гэта звязанае шмат у чым менавіта з наступствамі пандэміі, якія прывялі да аслаблення спажывецкага і інвестыцыйнага попыту, а таксама да зніжэння беларускага экспарту”, — сказаў Харытончык. Пры гэтым, дадаў ён, існуюць і рызыкі пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў Беларусі: „Ключавой рызыкай з’яўляецца няпэўнасць наступстваў грамадска-палітычнай сітуацыі, гэта значыць мы дапускаем, што магчымы большы адток ІТ-сектара, чым мы закладваем. У гэтым выпадку прагназуецца больш слабая інвестыцыйная актыўнасць, што натуральна выкажацца ў больш глыбокім спадзе эканомікі ў наступным годзе, страце яе тэхналагічнасці і страце патэнцыйных тэмпаў росту”.

Аналітыкі расейскага „Газпромбанка” ў сваім аглядзе „Навігатар рынкаў” мяркуюць, што паводле вынікаў 2020 года беларускі ВУП скароціцца не больш як на 1%. „Назіраная дынаміка ВУП Беларусі пацвярджае нашы чаканні, што дзякуючы адсутнасці жорсткіх каранцінных мер ва ўмовах пандэміі націск на эканоміку паводле вынікаў года будзе абмежаваным. Пра гэта сведчыць больш слабае зніжэнне ВУП у параўнанні з большасцю іншых краін СНД ва ўмовах пандэміі”, — канстатуюць яны.

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings прагназуе зніжэнне валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў 2020 годзе на 2,1%, рост у 2021-м на 0,7% і ў 2022-м — на 1%.

belapan.by