„Белтэлекам” падвышае кошт паслуг на доступ у інтэрнэт і пакетаў электрасувязі



Найбуйнейшы беларускі аператар сувязі РУП „Белтэлекам” паведаміў пра падвышэнне кошту паслуг на доступ у інтэрнэт і пакетаў электрасувязі ў сярэднім на 4%, якое мае адбыцца 3 траўня.

„Тарыфная палітыка кампаніі „Белтэлекам” скіраваная на максімальнае стрымліванне росту цэн. Аднак пастаяннае развіццё тэлекамунікацыйных тэхналогій і забеспячэнне гарантавана высокай якасці паслуг немагчымае без мадэрнізацыі сеткі, набыцця сучаснага абсталявання, распрацоўкі новых тэхнічных рашэнняў і паслуг. У сувязі з гэтым з 3 траўня 2019 года кошт паслуг доступу ў сетку інтэрнэт і кошт пакетаў паслуг электрасувязі павялічыцца ў сярэднім на 4%”, — адзначае аператар.

Акрамя таго, паводле інфармацыі „Белтэлекама”, кошт паслуг тэлеграфнай сувязі, міжнародных тэлефонных злучэнняў (у тым ліку па пропуску трафіку беларускіх аператараў электрасувязі на сеткі замежных аператараў), паслуг тэлебачання, выхад на абанентаў сотавай рухомай электрасувязі, даведачна-інфармацыйных паслуг і іншых дадатковых паслуг электрасувязі павялічыцца ў сярэднім на 5%.

Падвышэнне не закране тарыфаў на рэгуляваныя паслугі мясцовай і міжгароднай тэлефоннай сувязі, паслугі доступу ў лінейна-кабельныя збудаванні, паслугі доступу ў інтэрнэт з гарантаванай паласой прапускання.

belapan.by