„Белтэлекам” павышае тарыфы на паслугі
РУП „Белтэлекам” 28 жніўня павышае рэгуляваныя тарыфы на паслугі тэлефоннай сувязі ў сярэднім на 8,4%, паведамілі на прадпрыемстве.
Новыя гранічныя тарыфы на паслугі электрасувязі (тэлефоннай сувязі) і паштовай сувязі агульнага карыстання ўстаноўлены адпаведнай пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Як адзначылі ў „Белтэлекаме”, цяпер тарыфы не забяспечваюць поўнага пакрыцця выдаткаў на аказанне паслуг.
На прадпрыемстве паведамілі, што праводзяць „актыўную мадэрнізацыю сваіх сетак, накіраваную на замену састарэлых медных ліній сувязі на оптавалаконныя па тэхналогіі GPON і пераключэнне абанентаў у гарадской і сельскай мясцовасці на сучасную IMS-платформу”. „Названыя мерапрыемствы спрыяюць зніжэнню сабекошту паслуг і павелічэнню кампенсацыі затрат даходамі па рэгуляваных паслугах мясцовай тэлефоннай сувязі”, — растлумачылі ў „Белтэлекаме”.
Павышэнне рэгуляваных тарыфаў не закране іншых паслуг РУП „Белтэлекама” (інтэрнэту, тэлебачання, пакетаў паслуг і г.д.).