„Белтэлекам” перанёс падвышэнне тарыфаў
„Белтэлекам” яшчэ раз перанёс падвышэнне тарыфаў на доступ у Інтэрнэт. Цяпер яны павінны быць павялічаныя з 1 студзеня 2022 года.
„Інфармуем, што па ўзгадненні з рэгулятарам падвышэнне тарыфаў на паслугі доступу ў сетку Інтэрнэт, які прадастаўляецца РУП „Белтэлекам” па-за пакетнымі лінейкамі „Ясна”, „Сямейны”, „Бізнес-кейс”, пераносіцца на 1 студзеня 2022 года”, — цытуе паведамленне кампаніі REFORM.by.
Нагадаем, пачаткова „Белтэлекам” збіраўся падняць тарыфы з 1 кастрычніка ў сярэднім на 4%. Але пазней кампанія „па ўзгадненні з рэгулятарам” перанесла падвышэнне на 1 лістапада. Падобнае рашэнне прынялі кампаніі А1 і МТС, якія спачатку абвясцілі аб падвышэнні некаторых тарыфаў з 1 кастрычніка, а потым заявілі аб пераносе гэтых планаў на 1 лістапада.
На думку эканамістаў, такім чынам „стрымліваецца” інфляцыя за пэўны справаздачны перыяд часу. Напрыклад, падвышэнне коштаў „Белтэлекама” у студзені азначае, што яно будзе залічана ў інфляцыю за наступны год.