Берасцейшчына самая стратная ў Беларусі
Паводле звестак Беларускага статыстычнага камітэта, Берасцейшчына стала першай у краіне па колькасці стратных прадпрыемстваў. Жыхары Бярозаўшчыны адчулі гэта на сабе, паколькі раён мае прамысловы накірунак:
– Мы завязаны з Расеяй – адзін рынак, усё ж зразумела, канешне закрануў і грашова, і маральна. Мы нічога не зробім, усё залежыць ад абстаноўкі на сусветнай сцэне, як будзе складацца, ад Расеі шмат залежыць.
– Што зарабляў, тое можна сказаць у два разы менш стала, хоць я таксама і ў Расею езджу на заробкі, але розніца стала за апошнія паўгады вялікая. Але ўсё роўна буду ездзіць, бо тут увогуле „труба”.
– Цяпер, што ўжо, усё – ўжо тупік. Далей куды, я не ведаю, што далей будзе.
Адзін з фінансавых супрацоўнікаў Бярозаўшчыны лічыць, што да гэтага часу ў беларускай эканоміцы нічога не робіцца для вываду краіны з крызісу. Курс даляра вырас на 50%, а падзенне ВВП у бягучым годзе смела можна прагназаваць у 2 разы большае, чым у Расеі:
– У нармальных эканоміках гэта называецца калапс. Я не хацеў бы нагнятаць абстаноўку, але пакуль я не бачу, каб у нас нешта прадпрымалася для гэтага. Мы проста сядзім і чакаем, што рассмокчацца само. Ад чаго яно рассмокчацца? Урад ёсць ці яго няма?
Паводле афіцыйнай статыстыкі, за студзень 2015 года стратных прадпрыемстваў у Беларусі больш за 2 тысячы. Сума чыстай страты склала каля 54 трыльёнаў рублёў. Гэта напалову вышэй чым у студзені 2014 года.
Беларускае Радыё Рацыя