Берасцейскае прадпрыемства шукае партнёраў на Захадзе



Польшча, Румынія ды Сербія – гэтыя краіны прыярытэтныя для рынку збыту прадукцыі Берасцейскага электралямпавага завода, які актыўна шукае партнёраў у Еўрапейскім Звязе. Справа ў тым, што з-за падзення нацыянальнай валюты ва Украіне ды Расеі, прадпрыемства амаль недастае 40% прыбытку. Гэта вымушае шукаць надзейных партнёраў на Захадзе.

Яшчэ ў канцы мінулага года на Берасцейскім электралямпавым заводзе адбыліся тэхнічныя перамены. Мадэрнізацыя падвышае шанцы быць канкурэнтназдольнымі на новым рынку. У прыватнасці, змены закранулі лінію вытворчасці, адзначыў майстар прадпрыемства Уладзімір Гаўрыленка:

– Маем унікальную лінію, якая мае высокую ступень аўтаматызацыі. І нашая колба па тэхналогіі поўнага цыклу атрымліваецца высокаякаснай.

Новыя тэхналогіі не абышлі і ўтылізацыю адыходаў, за чым асабліва сочаць у краінах ЕЗ:

– Утылізацыя  лямп праводзіцца на ўнікальным абсталяванні і мы маем сістэму кантроля асяроддзя пры ўтылізацыі.

На прадпрыемстве ўжо падрыхтавалі вырабы на экспарт у заходнія краіны. Завод вырабляе таксама камплектуючыя дэталі, якія патрэбныя пры стварэнні энергазахавальных лямпаў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belz.svetopribor.com.ua