Берасцейскі аблвыканкам дазволіў вывозіць у Польшчу прадукты без абмежаванняў
Берасцейскі аблвыканкам рашэннем №43 ад 30 студзеня дазволіў фізічным асобам вывозіць у Польшчу прадукты харчавання без абмежаванняў. Сёння, 8 лютага, дакумент быў апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале. Дазвол будзе дзейнічаць да 31 снежня 2023 года.
У красавіку мінулага года ўрад забараніў фізічным асобам вывозіць за межы ЕАЭС прадукты харчавання ў вялікіх аб’ёмах. У пералік тады трапілі мука, грэчка, рыс, аўсянка, манка, пярлоўка, проса, макаронныя вырабы, алей, цукар, соль, мясныя, малочныя і рыбныя кансервы. Дазваляўся вываз не больш за 1 кілаграма, літра ці 3 слоікаў, а ў выпадку мукі – 2 кілаграмаў.
Берасцейскі аблвыканкам дазволіў вывозіць прадукты харчавання без абмежаванняў пасля ўвядзення бязвізу для грамадзян Польшчы. Таксама аналагічныя выключэнні з пастановы Саўміна №224 дзейнічаюць у Віцебскай і Гарадзенскай абласцях.