Берасцейскі аблвыканкам выставіў на продаж акцыі 24 таварыстваў



Берасцейскі аблвыканкам апублікаваў спіс з 24 акцыянерных таварыстваў, акцыі якіх дзяржава гатовая прадаць.

У пералік увайшлі арганізацыі, якія працуюць у сферы прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, паслуг. Гэта ў асноўным невялікія кампаніі — балансавы кошт прапанаваных пакетаў акцый складае ад 21 тыс. да 6,5 млн рублёў. У большасці АТ на продаж прапанаваны кантрольны пакет акцый.

Варта адзначыць, што ў 2015—2016 гадах прыватызацыйныя здзелкі ў Беларусі практычна адсутнічалі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, замежныя інвестары ў гэты перыяд беларускія прадпрыемствы не куплялі.

Міністэрства фінансаў не чакае, што найбліжэйшым часам у бюджэт паступяць значныя даходы ад продажу дзяржуласнасці.

„Тэндэнцыі ў нашых суседзяў і ў сусветнай эканоміцы былі (у апошнія гады.) досыць негатыўнымі, і вялікага патоку ахвотных, гатовых набыць аб’екты дзяржмаёмасці за добрую плату, няшмат. Таму спадзяванняў, што мы рэалізуем дзяржмаёмасць і істотна папоўнім бюджэт, мы не маем, але праца ў гэтым кірунку вядзецца”, — заявіў у чэрвені намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў, адказваючы на пытанні парламентарыяў.

На думку экспертаў, прыватызацыйныя здзелкі сёлета не выключаныя, але шмат будзе залежаць ад цаны выстаўленых на продаж актываў. „Пры ўмове адэкватнай цаны на „жывыя” прадпрыемствы знойдуцца пакупнікі”, — адзначыў у каментары БелаПАН дырэктар інвестыцыйнай кампаніі „Волат Капітал” Сяргей Муханаў.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што „фон для прыватызацыі ў Беларусі сёння складаны”. „І эканамічная сітуацыя не аптымістычная, і фінансавае становішча прадпрыемстваў пакідае жадаць лепшага, і навіны аб праблемах бізнесменаў з праваахоўнымі органамі відавочна не дадаюць краіне інвестыцыйнай прывабнасці”, — сказаў Муханаў.

Праблема, на думку эксперта, заключаецца яшчэ і ў тым, што ў шэрагу выпадкаў беларускія прадпрыемствы, выстаўленыя на продаж, знаходзяцца ў дрэнным стане, і пабудаваць бізнес з нуля больш лёгка і танна, чым развіваць ужо існыя вытворчасці. „У Беларусі, на жаль, у многіх выпадках да продажу прапануюць актывы ўжо тады, калі яны дзяржаве не патрэбныя, бо не генеруюць жаданы грашовы паток”, — канстатаваў Муханаў.

belapan.com