Берасцейскім ІП не дазваляюць правесці сход
У Берасці індывідуальныя прадпрымальнікі накіравалі мясцовым уладам заяву аб немагчымасці рэалізаваць права на мірны сход. Як паведаміў БелаПАН старшыня савета індывідуальных прадпрымальнікаў гандлёвага прадпрыемства «Варшаўскі рынак» Андрэй Карняйчук, такі дакумент накіраваны старшыням Берасцейскага аблвыканкама, гарвыканкама, а таксама абласнога і гарадскога саветаў дэпутатаў. Паводле яго слоў, у заяве гаворыцца, што 3 лютага на рабочай сустрэчы ІП Берасця было прынята рашэнне аб правядзенні ў горадзе 19 лютага мітынгу ва ўстаноўленым для такіх мерапрыемстваў гарвыканкамам месцы. Акцыю планавалася правесці з мэтай абароны правоў і законных інтарэсаў ІП. Гарвыканкам забараніў мітынг на падставе таго, што да заяўкі не прыкладзены дамовы з гарадскім шпіталём хуткай медыцынскай дапамогі – пра медыцынскае абслугоўванне падчас правядзення мерапрыемства і з прадпрыемствам «Камунальнік» – аб забеспячэнні ўборкі тэрыторыі пасля правядзення мітынгу.
Беларускае Радыё Рацыя