Беспрацоўе ў Беларусі значна вышэй, чым сцвярджае афіцыйная статыстыка



Паводле афіцыйнай беларускай статыстыкі, беспрацоўе ў Беларусі складае 0,6%. Гэта цудоўны вынік. Такому рэкорднаму дасягненню можа пазайздросціць кожная краіна на свеце. Але незалежныя эксперты лічаць іначай. Яны сцвярджаюць, што ў Беларусі ровень беспрацоўя значна вышэйшы за той, які падае афіцыйная статыстыка. Паводле незалежных экспертаў, беспрацоўе ў Беларусі складае больш за 24%.

Дык чаму ж гэтыя дадзеныя так разыходзяцца? Макраэканамічныя паказчыкі і эканамічныя рэаліі не адлюстроўваюць афіцыйнага ўзроўню беспрацоўя.

Шматгадовая палітыка беларускай дзяржавы прывяла да прыросту занятасці на дзяржаўных прадпрыемствах. Пастановы беларускага ўрада і ўказы прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі стварылі фіктыўныя працоўныя месцы, дзе людзі займаюцца бессэнсоўнай, з эканамічнага пункту гледжання, працай. Беларуская эканамічная мадэль арыентавана на вытворчасць і залежыць ад плана, вызначанага міністэрствам. Пры гэтым яна не залежыць ад попыту на ўнутраным рынку Мытнага звязу. Прыярытэтам тут з’яўляецца выкананне плана вытворчасці і поўная занятасць насельніцтва, але не якасць, якая ўсё больш і больш прайграе імпартным таварам.

Такі нізкі афіцыйны ровень беспрацоўя ў Беларусі звязаны з некалькімі фактарамі. Па-першае, грашовая дапамога для беспрацоўнага складае 143 000 беларускіх рублёў, або 16 даляраў. За гэтыя грошы чалавек не зможа пражыць нават тыдня. Па-другое, рэгістрацыя беспрацоўных у Цэнтры занятасці насельніцтва патрабуе ад іх выканання „сацыяльных работ”.

На паляпшэнне сітуацыі не даводзіцца разлічваць. Гэта мае негатыўныя наступствы для людзей, якія спынілі пошукі працы. Звязана гэта са стратай веры ў свае сілы і стратай кваліфікацыі. Бо няма ніякіх сумневаў у тым, што навыкі, якія не выкарыстоўваюцца, хутка старэюць. І чым даўжэй чалавек знаходзіцца без працы, тым цяжэй будзе да яе вярнуцца. Усё больш і больш пашыраецца сярод насельніцтва алкагалізм і кантрабанда. Калі палічыць колькасць фіктыўных работнікаў і людзей, неактыўных у пошуках працы, то атрымаецца, што афіцыйныя статыстыкі – гэта чыстая фантазія.

Такая сітуацыя даволі выгодная з пункту гледжання ўрада ў Менску. Чаму? З аднаго боку, ніхто не будзе рэгістравацца як беспрацоўны, выконваючы пасля „сацыяльныя работы” і атрымліваючы смешную грашовую дапамогу. З другога боку, „бацька клапоціцца пра сваіх падданых” і не дае людзям галадаць, нават прапануе фінансавую дапамогу. На міжнароднай арэне рэжым любой цаной імкнецца прадставіць Беларусь цывілізаванай дзяржавай, бо ён клапоціцца пра сваіх грамадзян і з гонарам можа сказаць, што беспрацоўя ў Беларусі няма.

Беларускае Радыё Рацыя