«Без шоку» і «ў камфортных умовах»
«Без шоку» і «ў камфортных умовах» — так Беларусь у гэтым годзе будзе выплачваць дзяржаўны доўг. На яго абслугоўванне ў рэспубліканскім бюджэце выдаткавана каля 4 мільярдаў беларускіх рублёў.

Пра гэта першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко распавёў у эфіры тэлеканала СТБ. Па яго словах, каля 75% сумы прыпадае на даступныя нам валюты так званых «сяброўскіх» краін: расейскі рубель і кітайскі юань. З пагашэннем асноўнага доўгу ёсць пытанні з-за санкцый у дачыненні да Нацыянальнага банка — плацежнага агента ўрада. Таму з мінулага года вырашана выплачваць сумы ў беларускіх рублях. Так, у лютым трэба будзе пагашаць еўрааблігацыі на суму каля 800 мільёнаў даляраў. Але выплаты інвестары атрымаюць у беларускай нацыянальнай валюце і толькі ў тым выпадку, калі «змогуць пацвердзіць, што менавіта яны з’яўляюцца ўладальнікамі еўрааблігацый».
«Рэсурсы на гэта прадугледжаныя, гэты плацеж мы пройдзем без усялякага шоку», — заявіў Кійко.
Беларускае Радыё Рацыя
