Без якасці не будзе і попыту
Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір тлумачыць, чаму на складах айчынных прадпрыемстваў растуць запасы прадукцыі і які выхад з гэтай няпростай сітуацыі.
Як сведчыць афіцыйная статыстыка, у красавіку запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў сталі ізноў павялічвацца.
Так, па стане на 1 траўня на складах прадпрыемстваў знаходзілася гатовай прадукцыі на суму 39,13 трлн. рублёў. За красавік яе аб’ём павялічыўся на 180 млрд. рублёў. Паведамляецца, што асноўны аб’ём запасаў гатовай прадукцыі прыходзіцца на арганізацыі, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства прамысловасці.
Міхаіл Чыгір: Прадукцыя не карыстаецца попытам, калі кліента не задавальняе якасць і кошт. Вось і ўвесь адказ на тое, чаму беларускія прадпрыемствы не могуць прадаць свой тавар. Акрамя таго, у цэлым у беларускай эканоміцы скараціўся пакупальніцкі попыт на аднаўленне асноўных вытворчых фондаў. Тое самае адбылося і ў Расеі. А на Захад, дзе няма такога крызіса як у нас і ў Расеі, мы сабе дзверы яшчэ не прарубілі. Вось і ляжыць тавар на складах.
РР: Які выхад з гэтай складанай сітуацыі? Дзе шукаць новыя рынкі?
Міхаіл Чыгір: Паўтаруся, каб шукаць новыя рынкі, трэба, каб прадукцыя прываблівала сваёй якасцю і коштам. Так, беларускія трактары сталі рабіць лепш, але ж яны ўсё роўна далёкія ад тых параметраў, якія ёсць у свеце. Безумоўна, можна было б знізіць сабекошт тавараў. Але тады ў краіне неабходна зменшыць падаткі, скараціць адміністратыўны апарат, сілавыя структуры. Неабходна рэфармаванне.
РР: Чаму ўрад не ідзе на гэта? Сітуацыя ж вымушае…
Міхаіл Чыгір: Калі яны пачнуць нешта рабіць у гэтым накірунку, то гэта для іх стане праблемай. А, калі нічога не раьіць, то і праблем няма. Час ідзе, заробак ідзе… А сітуацыя пагаршаецца.
РР: Можа быць, замежныя інвестары стануць паратункам для беларускіх прадпрыемстваў?
Міхаіл Чыгір: Калі б прыйшлі талковыя інвестары з сучаснымі тэхналогіямі, то так. Але дзе яны? Ці прыйдуць? І ці патрэбна ім гэта?
РР: У вас нейкі зусім песімістычны прагноз…
Міхаіл Чыгір: А чаму радавацца, калі прадукцыю не купляюць? У выніку – зніжаюцца заробкі і ўзровень жыцця людзей, растуць кошты. Усё ўзаемазвязана, усё адаб’ецца на людзях.
РР: Калі ў Расеі закончыцца крызіс, магчыма, і ў Беларусі пачне выпраўляцца становішча?
Міхаіл Чыгір: Расея сама зараз у такім балоце, што ёй не да выратавання Беларусі. Самім бы пераадолець крызіс, хоць на гарызонце паляпшэння пакуль і не прадбачыцца. Іншая справа, што там ёсць добрыя рэзервы, якія дазваляюць трымацца на плыву, хоць Расея ўжо ідзе на вялікае скарачэнне працоўных месцаў. Так што спадзявацца на Маскву асабліва не даводзіцца.
РР: Беларускія ўлады супакойваюць народ і кажуць, што кадры на прадпрыемствах трэба захаваць. Ці ўдасца?
Міхаіл Чыгір: Захаваць кадры – гэта правільна. Але ж трэба даваць магчымасць людзям і прыстойна зарабляць. Бо лепшыя за капейкі працаваць не будуць. Яны проста з’едуць у тую ж Расею, дзе заробкі ўсё ж такі большыя.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя