„Бі энд Бі іншурэнс Ко” закрыла свае рэгіянальныя офісы



„Бі энд Бі іншурэнс Ко” 28 красавіка закрыла ўсе свае рэгіянальныя офісы, гаворыцца ў паведамленні страхавой кампаніі.

Абслугоўванне кліентаў, у якіх наступяць страхавыя выпадкі, будзе адбывацца ў двух сталічных офісах кампаніі.

Нагадаем, Міністэрства фінансаў 11 красавіка спыніла дзеянне спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі) на права ажыццяўлення страхавой дзейнасці „Бі энд Бі іншурэнс Ко”.

Рашэнне было прынята ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў, адведзеных для выканання страхоўшчыкам патрабаванняў рэгулятара па наяўнасці мінімальнага памеру статутнага фонду і страхавых рэзерваў. У снежні 2017 года Мінфін прыпыняў дзеянне ліцэнзіі „Бі энд Бі іншурэнс Ко” і адводзіў кампаніі чатыры месяцы для выканання вышэйпералічаных патрабаванняў.

У красавіку 2018 года кіраўніцтва страхавой кампаніі паведаміла кліентам пра немагчымасць выканаць патрабаванні заканадаўства.

У сітуацыі вельмі незразумелых паводзін акцыянераў кампаніі, якія з кастрычніка 2017 года для выканання прадпісання Міністэрства фінансаў дэкларавалі намеры аб павелічэнні статутнага капіталу кампаніі, але ў канцы сакавіка 2018 года ад дакапіталізацыі адмовіліся, пра што і апавясцілі кампанію, кампанія прыняла рашэнне добраахвотна здаць ліцэнзію на страхавую дзейнасць, бо выканаць прадпісанне Міністэрства фінансаў у тэрмін не ўяўляецца магчымым„, — адзначалася ў заяве” Бі энд Бі іншурэнс Ко”.

ААСТ „Бі энд Бі іншурэнс Ко” працуе на беларускім рынку з 1995 года і з’яўляецца адным з найбуйнейшых прыватных страхоўшчыкаў краіны.

На пачатак 2017 года акцыянерамі „Бі энд Бі іншурэнс Ко” былі тры юрыдычныя асобы — ААТ „Мазырскі НПЗ” (35% акцый), ТАА „Транс Еўра Кансалтынг & Файнэнс” (34,53%) і ПУП „Гандлёвы дом” Белфут” (30,47%).  БелаПАН