Бізнес-саюзы настойваюць на павышэнні ўзроўню незалежнасці судовай сістэмы
У Беларусі варта забяспечыць незалежнасць судовай сістэмы і ўнесці адпаведныя змены ў Канстытуцыю. Такое меркаванне БелаПАН выказалі кіраўнікі бізнес-саюзаў, якія рыхтуюць змены ў Асноўны закон.
Палата прадстаўнікоў у кастрычніку абвясціла аб тым, што прымае прапановы па змене Канстытуцыі. Вядучыя бізнес-саюзы, якія аб’ядноўваюць прыватныя кампаніі, маюць намер такія прапановы падрыхтаваць і накіраваць.
„Мы ўсе назіралі на працягу многіх гадоў, што палажэнні Асноўнага закона на практыцы не працуюць. Напрыклад, падзел уладаў, запісаны ў Асноўным законе, дэ-факта адсутнічае. У выніку судовая сістэма выносіла рашэнні, якія спарадзілі недавер да яе ў прадстаўнікоў бізнесу”, — заявіў у каментары БелаПАН старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.
На яго думку, у Канстытуцыі павінны быць прапісаныя механізмы, якія б дазвалялі забяспечыць падзел уладаў на практыцы.
„Суддзі, генеральны пракурор павінны прызначацца парламентам, а калі дэпутаты парламента не транслююць пазіцыю электарату, у выбаршчыкаў павінны быць рэальныя механізмы адклікання народных абраннікаў з парламента, і такія механізмы павінны быць прапісаныя ў Канстытуцыі”, — мяркуе Швец.
Падобны пункт гледжання выказваюць кіраўнікі і іншых бізнес-саюзаў.
„Цяперашні стан судовай сістэмы без слёз складана апісваць. Часта рашэнні нашай судовай сістэмы палітычна матываваныя, і таму эканамічныя агенты не могуць разлічваць на справядлівы суд. Сітуацыю трэба мяняць — у тым ліку шляхам унясення зменаў у Канстытуцыю”, — падкрэсліў у каментары БелаПАН дырэктар Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Віктар Маргелаў.
Прадстаўнікі дзелавой супольнасці таксама прапануюць перайсці на прамое абранне насельніцтвам суддзяў, прадстаўнікоў праваахоўных органаў, а таксама ўзмацніць падсправаздачнасць мясцовых органаў улады грамадству.
„Магчыма, варта перайсці на практыку прамых выбараў суддзяў насельніцтвам, а таксама павышаць падсправаздачнасць мясцовай улады насельніцтву. Бізнес сутыкаецца з тым, што чыноўнікі на месцах — маленькія імператары, якім абыякавае развіццё бізнесу, ім галоўнае — даць справаздачу аб выкананні паказчыкаў. Таксама, на наш погляд, варта звярнуць увагу на досвед ЗША, дзе шэрыфы (кіраўнікі паліцэйскіх упраўленняў) абіраюцца насельніцтвам”, — заявіў у каментары БелаПАН старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін.