Бізнесоўцу Машэнскаму прададзены дзяржпакет акцый Бярозаўскага сыркамбіната



Берасцейскі аблвыканкам з дазволу Аляксандра Лукашэнкі прадаў бізнесоўцу Аляксандру Машэнскаму 63% акцый  устаўнога фонда ААТ «Бярозаўскі сыраробны камбінат». Цяпер доля акцый прадпрыемства Машэнскага “Санта” на сыркамбінаце складае больш за 81%. Здзелка адбылася без аўкцыёну. Афіцыйна пра яе стала вядома на днях, кажа сябра Праваабарончага цэнтра “Вясна” Сяржук Русецкі:

– Я думаю, што чыноўнікі, якія арганізоўваюць аукцыёны, маглі б стварыць такія ўмовы, што іншага канкурэнта не было б. Які сэнс было рабіць гэта без аукцыёна, калі ўсе правы ў руках улады? І яна магла б правесці ўсё такім чынам, што перамог бы той, каму патрэбна перамагчы.

Бярозаўцы аддавалі перавагу малочнай прадукцыі свайго камбіната з-за якасці і цаны. Ціхі продаж аднаго з прыбытковых прадпрыемстваў выклікаў абурэнні:

– Захаваюць працоўныя месцы. Але гэта ўсё падман, я ў гэта не веру.

– Куды зараз людзям? Што рабіць?

– Як маглі прадаць такое вялікае прадпрыемства? Прадукцыя была якасная.

Бярозаўскі сыркамбінат прададзены за 43 мільёны долараў. У той час як выручка прадпрыемства за 2017 год склала 143 мільёны долараў. Чыстага прыбытку – 10 мільёнаў долараў. Рэнтабельнасць больш за 14%. Паводле гараджан, схема такога продажу пахне карупцыяй.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіву прэс-службы прэзідэнта