Бізнесоўцы незадаволеныя сітуацыяй на рынку “Карона” ў Гародні
Гарадзенскія прадпрымальнікі, якія гандлююць на рынку “Карона”, выказваюць незадавальненне дзеяннямі адміністрацыі, якая беспадставова падвышае кошты на арэнду гандлёвых плошчаў.
Адміністрацыя рынка плаціць за арэнду дзяржаве 60 000 рублёў, а здае ў субарэнду прадпрымальнікам ад 240 000 да 480 000. Шматмесячныя перамовы не прынеслі плёну, а толькі пагоршылі становішча прадпрымальнікаў, якім пагражаюць штрафамі, пазбаўленнем працоўных месцаў і карнымі захадамі падатковай інспекцыі.
Да таго ж, як сцвярджаюць прадпрымальнікі, істотна знізілася пакупніцкая здольнасць насельніцтва, што ставіць іх на мяжу банкруцтва:
– Па выходных яшчэ ходзяць людзі, а ў будзённыя дні – вельмі мала. Вялікая канкурэнцыя, міні-рынкі ёсць амаль у кожнай краме.
– Наколькі я ведаю, плануюць зрабіць больш “празрыстую” арэндную плату. Не ведаю, што такое “празрыстая” арэндная плата.
– З заявамі хадзілі, але арэндадаўцам гэта не выгодна. Вельмі шмат пустых месцаў ужо. Крыўдна, што камунальныя плацяжы пасля размяркоўваюць на тых, хто арэндуе. З усіх пустых месцаў. Я, канечне, іх таксама разумею, але нам дзявацца няма куды. Але шмат хто сыходзіць. Сыходзяць на іншыя рынкі. На Паўднёвым рынку у тры разы меншая арэндная плата.
– Атрымліваюць дзяржаўную ўласнасць у арэнду і здаюць яе ў субрарнду. Мяне цікавіць: чаму службовыя асобы з аблвыканкаму, якія ведаюць сітуацыю, ідуць на павышэнне?
Дробныя бізнэсоўцы незадаволеныя і тэхнічным станам рынка “Карона”, у якім доўгі час не праводзіліся рамонтныя працы. У свой час іншаземнае адкрытае акцыянернае таварыства “Карона”, якое валодае рынкам, вядзе перамовы з мясцовымі ўладамі аб набыцці памяшканняў былога прадзільна – нітачнага камбіната ў прыватную уласнасць.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня