БНП: Да ўсебеларускага страйку далучылася каля 200 чалавек
Паводле інфармацыі на 2 снежня, каля 200 чалавек далучылася да ўсебеларускага страйку. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) Максім Пазнякоў.
Паводле яго слоў, у страйку ў ААТ „Беларуськалій” знаходзіцца 101 чалавек, з улікам тых, хто пакінуў краіну, работнікаў іншых прадпрыемстваў Салігорска — каля 20, ААТ „Нафтан” — 13, БМЗ — 11, „Гродна Азот” — 30. „Таксама некалькі чалавек страйкуе на БЧ і шэрагу іншых прадпрыемстваў”, — адзначыў Пазнякоў.
„Страйкавы рух папаўняецца. Можна сказаць пра хвалепадобны яго характар — то адразу некалькі чалавек, то невялікае зацішша. Тое, што ён не заціх, — гэта дакладна. Думаю, што і далей страйк будзе набіраць абароты. Усё будзе залежаць ад таго, як у цэлым у краіне будуць развівацца падзеі. Мы бачым, што бурны рост страйкавага руху пачынаецца пасля гвалтоўных дзеянняў з боку ўладаў ці нейкіх значных падзей. У любым выпадку ён не сціх і будзе расці”, — упэўнены прафсаюзны лідар.
Ён таксама адзначыў, што да страйку далучаюцца не толькі мужчыны, але і жанчыны. „І іх досыць шмат, і яны актыўна ўдзельнічаюць”, — сказаў Пазнякоў.
26 кастрычніка ў Беларусі была абвешчаная агульнанацыянальная забастоўка ў сувязі з невыкананнем патрабаванняў ультыматуму, выстаўленага 13 кастрычніка экс-кандыдатам у прэзідэнты Святланай Ціханоўскай: адстаўка Аляксандра Лукашэнкі, спыненне гвалту і вызваленне палітвязняў. Аднак з-за маштабных рэпрэсій на прадпрыемствах забастоўка перарасла ў формы „партызанскай барацьбы”, паведаміў раней БелаПАН старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Паводле яго слоў, знешнія формы пратэсту сышлі ўглыб, у тым ліку ў сабатаж, італьянскі страйк.