Больш як 70% стартапаў зведалі негатыўны ўплыў палітыка-эканамічнага крызісу



Крызіс, які ўзнік у Беларусі пасля жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў, зрабіў негатыўны ўплыў на пераважную большасць стартапаў і прывёў да іх рэлакацыі за мяжу. Такія вынікі апытання, які стартап-хаб Imaguru правёў у кастрычніку сярод 208 заснавальнікаў і сузаснавальнікаў беларускіх стартап-кампаній.

Вынікі даследавання апублікаваныя на сайце Цэнтра дзелавых камунікацый БЕЛБІЗ.

Падчас апытання 71,2% рэспандэнтаў адзначылі, што найбольшы негатыўны ўплыў на іх дзейнасць меў палітыка-эканамічны крызіс. 17,8% — не змаглі адказаць, які фактар мае на іх найбольшы негатыўны ўплыў за апошні час. 11% апытаных паведамілі, што самым галоўным негатыўным фактарам для іх апынулася пандэмія.

Сярод найбольш частых наступстваў палітычнага крызісу стартапы, якія ўжо адчулі яго ўплыў, адзначаюць зніжэнне эфектыўнасці працы персаналу (80%), немагчымасць выконваць сваю працу з-за блакаванняў інтэрнэту ў краіне (33%), затрыманне супрацоўнікаў (32%), удзел персаналу ў акцыях пратэсту (26%), неабходнасць прыняцця тэрміновых мер па рэлакацыі бізнесу (22%).

Стартапы, якія ўжо адчулі ўплыў крызісу, вылучылі самыя негатыўныя наступствы для бізнесу — заканадаўчая сістэма, якая не працуе, і адсутнасць прававой абароны (56%), гвалт і забойствы мірных грамадзян (56%), страта даверу да ўлады і палітычны крызіс (47%), крымінальныя справы ў дачыненні да супрацоўнікаў стартап-кампаній (47%), верагоднасць сітуацыі, пры якой невядомыя ў масках могуць уварвацца ў офіс, арыштаваць супрацоўнікаў і канфіскаваць тэхніку без законных падстаў (45%).

Вынікі апытання паказалі: рашэнне пра рэлакацыю бізнесу ўжо прынялі 45% ад апытаных беларускіх стартапаў і большасць (64%) з тых, хто ўжо адчуў негатыўныя наступствы крызісу на сваім бізнесе, выкліканага падзеямі жніўня-верасня. З іх 49% кампаній рэлакаваліся цалкам або часткова, адпаведна, найбліжэйшым часам плануе рэлакавацца 51%.

Пра гатоўнасць працягваць бізнес у Беларусі і змагацца за свае правы заявілі 31,5% стартап-кампаній, і толькі 1,4% апытаных (тры кампаніі) паведамілі, што іх усё задавальняе ў Беларусі.

Вынікі апытання сведчаць, што самыя папулярныя краіны для беларускіх стартап-кампаній — Украіна, Польшча, Літва і іншыя краіны ЕЗ.

Каментуючы вынікі даследавання, заснавальнік стартап-хаба Imaguru Таццяна Марыніч адзначыла, што палітыка-эканамічны крызіс сур’ёзным чынам паўплываў на стартап-кампаніі.

„Адключэнне інтэрнэту, невыносная рабочая абстаноўка, запалохванне і пераслед супрацоўнікаў, вобшукі, жорсткае абыходжанне сілавікоў з грамадзянамі, якія мірна выказваюць сваю пазіцыю, вымушаюць многія кампаніі пераехаць”, — сказала Марыніч.

Яна таксама адзначыла, што ў выгнанні кампаніі працягваюць падтрымліваць ініцыятывы грамадзянскай супольнасці.

„Мы ўсё часцей чуем гісторыі рэлакацыі кампаній, абурэнне арыштамі супрацоўнікаў тэхналагічнага бізнесу, у тым ліку гучнай гісторыяй PandaDoc, а таксама маўчаннем кіраўніцтва Парку высокіх тэхналогій і ўдзелам у фальшывай інаўгурацыі лжэпрэзідэнта”, — заявіла Марыніч.

БелаПАН