Больш за 10 тысяч кватэр для шматдзетных сем’яў у 2019 годзе



У 2019 годзе ў Беларусі плануецца пабудаваць больш за 10 тысяч кватэр для шматдзетных сем’яў, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Кухараў у інтэрв’ю нядзельнай праграме „Тыдзень” на тэлеканале СТВ 25 лістапада.

„У аснову мы ставім, вядома, выкананне даручэння кіраўніка дзяржавы — забеспячэнне жыллём шматдзетных сем’яў, — сказаў чыноўнік. — Калі летась мы пабудавалі прыблізна 3 тысячы кватэр, то сёлета будзе забяспечана 7,5 тысячы кватэр. На наступны год мы ставім задачу — звыш 10 тысяч кватэр. Акрамя таго, мы будзем максімальна прапаноўваць шматдзетным сем’ям будаўніцтва індывідуальнага жылля. Гэта падыход, які вырашае шмат пытанняў”.

Паводле слоў Кухарава, сёлета ў Беларусі будзе пабудавана 4 млн квадратных метраў жылля, але ён лічыць, што „гэта далёка не мяжа”, бо ў будаўнічай галіны сёння ёсць усе неабходныя рэзервы для павелічэння аб’ёмаў жыллёвага будаўніцтва.

„Па-першае, у нас прайшла мадэрнізацыя галіны панэльнага домабудавання, — растлумачыў ён. — Панэльнае домабудаванне дае якаснае і, самае галоўнае, больш таннае жыллё, чым іншыя метады будаўніцтва, а таксама значна зніжае тэрміны. Таксама новы напрамак дзейнасці ў панэльным домабудаванні — індывідуальнае жыллё. Мы бачым сёння вельмі вялікі попыт з боку насельніцтва менавіта на індывідуальнае жыллё. Кіраўнік дзяржавы даў даручэнні па забеспячэнні домабудаўнічых камбінатаў неабходнымі зямельнымі ўчасткамі, якіх у нас у дастаткова вялікай колькасці ва ўсіх населеных пунктах. Мы будзем не хаатычна, а адзіным забудоўшчыкам падыходзіць”.

„Мы ў першую чаргу бачым сваю задачу ў тым, каб павялічыць аб’ёмы жылля, унесці самыя разнастайныя прапановы насельніцтву, — дадаў віцэ-прэм’ер. — У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы мы самым сур’ёзным чынам зменім падыходы ў архітэктурнай дзейнасці. У першую чаргу, не толькі сам дом, але і прылеглая тэрыторыя павінна быць камфортнай для пражывання. Для гэтага таксама ёсць усе магчымасці, але пакуль няма, на жаль, творчага падыходу. Праекціроўшчык пакуль не хоча стаць на месца чалавека, які там будзе жыць”.

БелаПАН