Больш за 200 тысяч еўра ахвяравалі ў Беларусі на барацьбу з каронавірусам
На дабрачынныя рахункі па зборы сродкаў для барацьбы з каронавірусам паступіла ўжо больш за 200 тысяч еўра, – паведаміла намеснік міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан на брыфінгу ў Менску. Рахункі ў беларускіх рублях ды еўра адкрылі ў “Беларусбанку” 23 сакавіка.
Паводле Алены Богдан, у барацьбе з распаўсюджваннем каронавіруса Міністэрства аховы здароўя разлічвала ў першую чаргу на ўласныя сродкі, але “натуральна, мы рады любой дапамозе, таму што гэтыя рэсурсы мы планавалі на іншае”, — адзначыла чыноўніца. Яна запэўніла, што ўсе грошы будуць выкарыстаныя “абсалютна празрыста”. Перш за ўсё грошы пойдуць на забеспячэнне медыцынскіх работнікаў ахоўным адзеннем, на стварэнне неабходнага запасу тэст-сістэм, і лекавых сродкаў, калі гэта спатрэбіцца.
Беларускае Радыё Рацыя