Больш за 40 буйных кампаній дапамогуць украінскім уцекачам з працай
Больш за 40 буйных кампаній, у тым ліку Amazon, Hilton і Marriott, абвясцілі, што дапамогуць знайсці працу тысячам украінскіх уцекачоў у Еўропе.
На сустрэчы ў Парыжы 41 кампанія абвясціла, што дапаможа чвэрці мільёна бежанцаў, якія апынуліся ў Еўропе, найперш жанчынам з Украіны, знайсці працу або прайсці курсы і асвоіць новую прафесію, піша ВВС. Да прыкладу, гасцінічныя сеткі Hilton і Marriott International і яшчэ некалькі кампаній паабяцалі прыняць на працу 13 680 бежанцаў, а гігант інтэрнэт-гандлю Amazon абяцае ўзяць на працу ў свае аддзяленні ў Еўропе пяць тысяч чалавек, пры гэтым столькі ж бежанцаў фірма абавязаліся прыняць на працу да канца 2024 года ў сваёй краіне ЗША.
У краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы цяпер, паводле ацэнак ААН, знаходзіцца каля шасці мільёнаў украінскіх уцекачоў, і пераважная большасць з іх — жанчыны з дзецьмі.
Дзе можна набыць беларускі ноўтбук?
Беларускія ноўтбукі вытворчасці холдынга “Гарызонт” пастаўляюць у 18 краін. Пра гэта заявіў генеральны дырэктар холдынга Юрый Прадко, піша БелТА. “Асноўныя краіны – Расія, Казахстан, Арменія. Мы выкарыстоўваем уласнае праграмнае забеспячэнне. А гэта і ёсць гарантыя бяспекі ўпраўлення камп’ютарам дыстанцыйна”, – заявіў Прадко. Па яго словах, “Гарызонт” выпускае “практычна ўсю гаму ноўтбукаў” і збіраецца выпусціць на рынак 13-е пакаленне працэсара. Акрамя таго, холдынг ў другім паўгоддзі выпусціць новыя прадукты – манаблокі і міні-камп’ютары.
Прыгадаем, што “Гарызонт” пачаў выпускаць ноўтбукі Horizont H-book у канцы 2022 года. Незалежныя эксперты крытычна тады паставіліся да гэтай прадукцыі. Акрамя таго, было знойдзена вялікае падабенства беларускага ноўтбука да аналагічнай кітайскай прадукцыі.
У Беларусі з’явіліся спажывецкія крэдыты са стаўкай ніжэйшай за 10%
Банкі Беларусі на сёння прапаноўваюць больш за 70 варыянтаў спажывецкіх крэдытаў. Стаўкі ў сярэднім вагаюцца ў межах ад 11 да 20%. Пры гэтым намецілася тэндэнцыя да зніжэння працэнтных ставак, дзякуючы запаволенню інфляцыі і зніжэнню стаўкі рэфінансавання, піша Myfin.by.
Выданне звяртае ўвагу таксама на новую прапанову ад Цэптэр Банка, у якім на сёння ёсць спажывецкі крэдыт са стаўкай ніжэйшай за 10 працэнтаў гадавых. Адзначаецца, што стаўка – фіксаваная.
У Гародні адкрыўся аналаг польскай сеткі крамаў Żabka
У Беларусі адкрылася новая сетка крамаў “Вожык”, якая развівае фармат “каля дому”. Сетка належыць кампаніі “ЮниСтор Групп”, якая з’яўляецца бізнес-структурай кампаніі “Еўрагандаль”. Крамы плануюць адкрыць у сталіцы, абласных і раённых цэнтрах.
Першая крама сеткі “Вожык” з’явілася ў Гародні. У асартыменце — мясныя і кандытарскія вырабы, малочная прадукцыя і бакалейныя тавары. Прадумана зона садавіны і агародніны, а таксама стэлажы з напоямі. Ёсць і корм для жывёл, бытавая хімія і тавары для дому.
Адзначаецца, што “Вожык” з’яўляецца аналагам польскай сеткі крамаў Żabka, гэта значыць крамаў фармату “каля дому”, паведамляе “Мост”.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота мае ілюстрацыйны характар.