Больш за 40% расходаў бюджэту на эканоміку пайшло на сельскую гаспадарку
Больш за 40 працэнтаў расходаў бюджэту на эканоміку Беларусі ў першым паўгоддзі 2019 года пайшло на падтрымку сельскай гаспадаркі. Такая інфармацыя змешчана ў дакладзе „Аб стане дзяржаўных фінансаў Рэспублікі Беларусь”, апублікаваным на сайце Міністэрства фінансаў.
Расходы бюджэту па раздзеле „Нацыянальная эканоміка” за студзень-чэрвень склалі Br2,484 млрд, або 15,2 працэнта ўсіх бюджэтных расходаў, 41,2 працэнта з якіх накіравана на падтрымку і развіццё сельскай гаспадаркі.
Згодна з дакладам, аб’ём сродкаў, накіраваных на фінансаванне сацыяльнай сферы (ахова здароўя, фізічная культура, спорт, культура, сродкі масавай інфармацыі, адукацыя, сацыяльная палітыка), склаў Br7,69 млрд, з іх на адукацыю пайшло Br3,259 млрд, ахову здароўя – Br2,47 млрд.
У цэлым расходы кансалідаванага бюджэту ў першым паўгоддзі прафінансаваны ў суме Br16,349 млрд (на 9 працэнтаў вышэй за ўзровень студзеня-чэрвеня 2018 года ў намінальным выражэнні і на 1,9 працэнта – у рэальным).
Даходы кансалідаванага бюджэту па выніках першага паўгоддзя склалі Br18,738 млрд і павялічыліся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2018 года на 3,6 працэнта ў намінальным выражэнні (у рэальным зменшыліся на 3,1 працэнта). Суадносіны даходаў кансалідаванага бюджэту і ВУП склалі 31,1 працэнта.