Больш за 77% бюджэту Менска забяспечана недзяржаўным сектарам эканомікі



За першы квартал 2021 года Менск пералічыў у даходы бюджэту 3 млрд 585 млн рублёў плацяжоў, якія кантралююцца падатковымі органамі, паведамляе прэс-цэнтр Міністэрства па падатках і зборах.

У структуры даходаў кансалідаванага бюджэту 63,8% (2 млрд 285,7 млн рублёў) складаюць даходы рэспубліканскага бюджэту і 36,2% (1 млрд 299,3 млн рублёў) — мясцовага.

У структуры паступленняў па катэгорыях плацельшчыкаў лідзіруе недзяржаўны сектар эканомікі з удзельнай вагой 77,2%, у тым ліку ўклад прыватных арганізацый складае 73,7%. На арганізацыі дзяржсектара прыпадае 22,8% усіх паступленняў, на індывідуальных прадпрымальнікаў — 2,1%, на фізічных асоб — 1,4%.

Усяго ў Менску налічваецца 138,5 тыс. суб’ектаў недзяржаўнага сектара эканомікі і 2,6 тыс. дзяржаўнага. Гэтымі плацельшчыкамі ўнесена ў бюджэт плацяжоў на 2,7 млрд рублёў і 0,8 млрд рублёў адпаведна.

У складзе гаспадарчых суб’ектаў 58,6 тыс. арганізацый і 82,5 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Таксама плацельшчыкамі падаткаў (збораў) з’яўляюцца 249 тыс. грамадзян.

Значная частка даходаў кансалідаванага бюджэту сталіцы (49,4% у агульным аб’ёме паступленняў) сфармаваная плацяжамі па падатку на дададзены кошт. Аб’ёмы паступленняў па падаходным падатку склалі 18,7%, па падатку на прыбытак — 10,4%, па акцызах — 7,3%, падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання — 2,3%, падатку на нерухомасць — 2,1%, падатку на даходы — 1,8%, зямельным падатку — 1,1%.

У рэйтынгу дзесяці плацельшчыкаў сталіцы, якія забяспечылі найбольшыя сумы паступленняў, — ААТ „Газпром трансгаз Беларусь”, ТАА „Тытунь-Інвест”, ЗП ЗАТ „Слаўнафтахім”, РУП „Менскэнерга”, ЗАТ „Беларуская нафтавая кампанія”, СТАА „Мабільныя ТэлеСістэмы”, ЗАТ „Менскі завод вінаградных він”, ААТ „Менск Крышталь” — кіруючая кампанія холдынга „Менск Крышталь Груп”, ЗАТ „Новая нафтавая кампанія”, унітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг „А1”.

Гэтымі арганізацыямі выплачана ў бюджэт 1,2 млрд рублёў, або трэць даходаў кансалідаванага бюджэту горада.

БелаПАН