Больш за палову аўтарынку планеты стане электрычным ужо праз пяць гадоў



У 2019 годзе доля продажаў электрамабіляў ад усіх вытворцаў у свеце склала 8 %, летась – 12 %. Спецыялісты Boston Consulting Group, якія шчыльна даследуюць дынаміку змен на рынку аўтамабіляў, яшчэ нядаўна заяўлялі, што доля электратранспарту вырасце да 50 % не раней 2030 года. Аднак усё больш буйных аўтамабільных брэндаў, такіх як BMW, Volkswagen, General Motors, Toyota, Mazda, Honda, заяўляюць аб сваім пераходзе на новую вытворчасць. І ў спецыялістаў з’явіліся падставы заяўляць, што да запаветнай рысы ў больш за палову продажаў электрамабільны рынак прыйдзе да 2026 года.

У 2023 годзе чакаецца, што машын з электрычным прывадам будзе рэалізавана амаль трэць на рынку — 32 %. Вялікі бум продажаў павінен адбыцца ў наступныя два гады – да 56 %. Такім чынам да 2027 года на дарогах кожная пятая машына можа быць з электрычнай крыніцай спажывання энергіі.

У найбліжэйшыя гады змены асабліва павінны адчуць жыхары Еўропы. Працэс пераходу на электрамабілі стымулююць урады еўрапейскіх краін, уводзячы прэферэнцыі для ўладальнікаў экалагічных відаў транспарту. Дарэчы, у Беларусі таксама ёсць пэўныя льготы. Так, да 31 снежня 2025 года падоўжаная пастанова аб адсутнасці падатку на дабаўленую вартасць пры ўвозе электрамабіляў на тэрыторыю краіны.

Нацыянальны аператар сеткі ЭЗС у Беларусі Malanka на сённяшні дзень здольная абслугоўваць да 15 тысяч электрамабіляў штодня. А да канца 2021 года прапускная здольнасць сеткі ЭЗС павялічыцца да 35 тысяч „электрычак”. Акрамя таго, у сетцы Malanka да канца гэтага года з’явяцца і суперхуткія станцыі, якія зараджаюць электрамабіль за 10—12 хвілін на 345 км прабегу. Пачаць запуск такіх ЭЗС плануецца з асноўных магістраляў і сталіцы, затым яны паступова пакрыюць усю краіну. Першыя суперхуткія АЗС можна будзе пратэставаць у канцы 2021 – пачатку 2022 года, паўнавартаснае развіццё плануецца арыенціровачна да 2024 года. Па прагнозах спецыялістаў, да 2025 года кожны 20-ы аўтамабіль у краіне будзе электрычным.

Паводле zviazda.by