Больш за палову беларускага экспарту піламатэрыялаў ідзе ў Кітай



Беларусь пераарыентавала экспартныя пастаўкі піламатэрыялаў. Пра гэта падчас даклада Аляксандру Лукашэку 24 жніўня паведаміў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік. Паводле яго, у перыяд да санкцый месячны экспарт піламатэрыялаў складаў 60 тысяч кубаметраў. Цяпер ён дасягнуў 77 тысяч кубаметраў. Пакуль гэта гістарычны максімум паставак.

На долю Кітая цяпер прыпадае 52% экспарту, Азербайджана – 24%, Расіі – 6%. Пра яшчэ 18% працэнтаў Кулік не сказаў. А раней 56% экспарту піламатэрыялаў прыпадала на долю краін Еўразвязу, у Кітай адпраўлялі 37%, у Азербайджан – 4%.

Як прыгадвае reform.by, раней Беларускі расследавальніцкі цэнтр апублікаваў звесткі пра тое, што беларускую прадукцыю дрэваапрацоўкі спрабуюць завозіць у Еўразвяз пад выглядам драўніны з краін Цэнтральнай Азіі. Еўразвяз увёў санкцыі ў дачыненні да гэтай беларускай прадукцыі.

Шэсць краін афіцыйна запрошаны ў БРІКС, але не Беларусь

З 1 студзеня 2024 года ў БРІКС будзе на шэсць краін больш. Пра гэта стала вядома на саміце арганізацыі ў Паўднёва-афрыканскай рэспубліцы, піша Office Life. Запрашэнне атрымалі Аргенціна, Егіпет, Іран, ААЭ, Саудаўская Аравія і Эфіопія.

На гэты момант чальцамі арганізацыі з’яўляюцца Бразілія, Расія, Індыя, Кітай і Паўднёвая Афрыка. На іх прыпадае больш за 42% сусветнага насельніцтва, 23% сукупнага валавога ўнутранага прадукту планеты і 18% сусветнага гандлю. Таксама ў арганізацыі паведамілі, што разглядаюць магчымасць вядзення ўласнай валюты ў якасці альтэрнатывы амерыканскаму даляру.

Прыгадаем, што ў ліпені Беларусь публічна заявіла пра сваё жаданне стаць чальцом БРІКС.

На Віцебшчыне зусім кепска з аграпрамысловасцю

У Віцебская вобласці нармальна працуюць толькі два з сямі раней створаных аграпрамысловых аб’яднанняў. Пра гэта заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на пасяджэнні выканкама вобласці. “З задачай добра справіліся два аб’яднанні: Верхнядзвінскае АПА і Пастаўскае. Сёння крыху сілу набірае Глыбоцкае. А вось што тычыцца Віцебскага мясакамбіната, Полацкага малочнага камбіната, Віцебскага малочнага, то тут абсалютны правал”, – канстатаваў Андрэйчанка.

У 2020 годзе паводле ўказа №70 на Віцебшчыне былі створаны сем аграпрамысловых аб’яднанняў. Паводле Андрэйчанкі, словы якога перадае БелТА, у пачатку ўсе яны далі станоўчы вынік, паколькі былі рэструктурызаваныя даўгі, частка з іх спісаная. Былі ўкладзеныя інвестыцыі ў сельскую гаспадарку, пабудаваныя новыя фермы. Але цяпер з сямі аб’яднанняў, добра працуюць два, а тры цалкам праваліліся.

Цэнтр кітайскай медыцыны з’явіцца ПВТ “Вялікі камень”

Міністэрства аховы здароўя падпісала мемарандум аб супрацоўніцтве з упраўленнем традыцыйнай кітайскай медыцыны правінцыі Ганьсу. Дакумент даў старт стварэнню ў Беларусі Цэнтра па распаўсюджванні кітайскай традыцыйнай і інавацыйнай медыцыны. Ён з’явіцца ў індустрыяльным парку “Вялікі камень”, паведамляецца на сайце парка.

Інфармацыя аб праекце ў галіне кітайскай медыцыны ў індустрыяльным парку “Вялікі камень” з’явілася яшчэ ў лютым 2021 года.

Кітай таксама плануе пабудаваць у Беларусі медустановы і пастаўляць сюды абсталяванне. Раней вяліся перамовы пра сумесную вытворчасць і лакалізацыю кітайскіх медпрэпаратаў.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.