Бальшыня прадстаўнікоў бізнесу не задаволеныя дыялогам з уладай
Больш за палову прадстаўнікоў беларускага бізнесу не задаволеныя дыялогам з уладай, сведчаць звесткі апытання прадпрымальнікаў. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі 24 лютага ў Менску старшыня вышэйшай каардынацыйнай рады Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін.
Паводле яго слоў, на падставе гэтага апытання будзе разлічаны індэкс дзелавога аптымізму, які адлюстроўвае меркаванне бізнесу аб стане дзелавога клімату ў краіне.
Падчас даследавання быў апытаны 521 уладальнік малога, сярэдняга і буйнога бізнесу. „Што нас насцярожыла? На пытанне, ці здаволеныя вы дыялогам бізнесу і ўлады, 25% апытаных адказалі станоўча, не — 52,5%, не здолелі адказаць — 22,5%”, — сказаў Карагін.
Паводле яго слоў, такая сітуацыя дзелавую супольнасць не задавальняе. „Створаныя ж саветы па развіцці прадпрымальніцтва ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны… Для нас вынік апытання — арыенцір, і гэтая лічба нас не задавальняе”, — падкрэсліў Карагін.
Ён звярнуў увагу, што пры Міністэрстве эканомікі рэгулярна праходзяць грамадска-кансультатыўныя саветы, і туды могуць прыходзіць прадстаўнікі бізнесу, узнімаць свае пытанні.
Разам з тым, адзначыў Карагін, вынікі апытання сведчаць, што прадпрымальнікі ў многіх выпадках не знаёмыя з урадавымі дакументамі, якія тычацца стратэгіі развіцця малога і сярэдняга бізнесу ў краіне.
„Ведаюць аб гэтых дакументах 36,7%. І гэта пры тым, што большасць апытаных — члены бізнес-асацыяцый. Не ведаюць пра гэтыя дакументы 63,3% апытаных. Такім чынам, нават нашы члены не заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у працы па падрыхтоўцы такіх дакументаў. А як жа тады дыялог бізнесу і ўлады? Усе перадаручаем пасрэднікам?” — задаўся рытарычным пытаннем Карагін.
Ён паведаміў, што 52% апытаных выказалі жаданне фінансава падтрымаць працу бізнес-асацыяцый, 48% — не гатовыя.
„Гэта і нам пэўны знак недаверу. Пры гэтым 80% суб’ектаў гаспадарання не ўваходзяць ні ў адну бізнес-асацыяцыю. Яны незадаволеныя ўсім, яны скардзяцца, але не ўваходзяць ні ў адну бізнес-асацыяцыю”, — рэзюмаваў Карагін.