Bosch плануе пачаць пастаўкі аўтакампанентаў для „БелДжы”



Кампанія Bosch плануе пачаць пастаўкі аўтакампанентаў на завод „БелДжы” ў трэцім квартале 2018 года, паведаміў 28 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску кіраўнік аддзела аўтамабільных камплектавальных прадстаўніцтва групы Bosch у Беларусі Аляксей Марчук.

„Мы будзем выконваць запыты прадпрыемства з пункта гледжання лакалізацыі яго вытворчасці, бо кампанія ўжо пастаўляе аўтакампаненты на канвеер Geely ў Кітаі. Плануем пастаўляць аўтакампаненты, якія вырабляюцца на заводзе Bosch у Самары (Расея), — сістэмы ABS (антыблакавальная сістэма тармажэння) і ESP (электронная сістэма дынамічнай стабілізацыі аўтамабіля)”, — сказаў Марчук. Ён нагадаў, што згодна з інвестыцыйным пагадненнем завод „БелДжы” павінен давесці да сярэдзіны 2018 года лакалізацыю вытворчасці да 50%.

Паводле слоў Марчука, пакуль ёсць вусныя дамоўленасці, але кампанія спадзяецца заключыць пагадненне з „БелДжы” да канца гэтага або ў пачатку наступнага года і „з трэцяга квартала наступнага года пачаць пастаўкі”.

Ён таксама паведаміў аб супрацоўніцтве Bosch з Менскім маторным заводам, якое працягваецца ўжо больш за дзесяць гадоў. Кампанія раней актыўна пастаўляла на прадпрыемства паліўныя сістэмы Common rail для матораў, якія ідуць для камплектацыі на МТЗ і прадпрыемствы групы „ГАЗ”. „Цяпер наша супрацоўніцтва крыху згарнулася, бо ў прадпрыемства скараціўся партфель замоў. Але мы спадзяемся аднавіць яго найбліжэйшым часам”, — сказаў прадстаўнік кампаніі.

Марчук адзначыў, што Bosch пастаўляе ААТ „БелАЗ” сістэмы відэаназірання, і гэта супрацоўніцтва працягваецца.

Паводле слоў кіраўніка прадстаўніцтва групы Bosch у Беларусі Уладзіміра Рыбалоўлева, завод „БелДжы” — патэнцыйны партнёр кампаніі па пастаўках прадукцыі ў межах лакалізацыі і працы на рынку ЕАЭС. „Спадзяемся, што наша супрацоўніцтва з „БелДжы” будзе актыўна працягвацца. Гэта, вядома, працяглая праца з нашымі калегамі з Кітая, партнёрамі з Барысава (ААТ „БАТЭ”). Мы спадзяемся, што гэтае супрацоўніцтва будзе паспяховым”, — сказаў кіраўнік прадстаўніцтва. Ён таксама выказаў надзею на супрацоўніцтва ў развіцці сэрвісных цэнтраў па абслугоўванні аўтамабіляў, выпушчаных на кітайска-беларускім прадпрыемстве, у прыватнасці выкарыстанне для гэтага сеткі „Бош Аўта Сэрвіс” у краіне.

Прадстаўніцтва групы Bosch у Беларусі працуе з 1993 года, сёння ў ім занята 50 чалавек. Па ўсім свеце ў кампаніі працуе прыкладна 390 тыс. чалавек. Гадавы абарот летась склаў 73,1 млрд еўра.

Беларуска-кітайскае СЗАТ „БелДжы”, якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, створанае ў 2011 годзе. Акцыянерамі „БелДжы” з’яўляюцца ААТ „БелАЗ” (52,49%), Zhejang Jirun Automobile Co., Ltd. (33,35%), СЗАТ „Саюзаўтатэхналогіі” (6,47%), CITIC International Investment Limited (4,96%), ААТ „БАТЭ” (2,7%).

У 2015 годзе паміж Барысавам і Жодзіна пачалося будаўніцтва новай пляцоўкі па выпуску аўтамабіляў. 17 лістапада 2017 года з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця пад Барысавам новага завода „БелДжы” і запуску серыйнай вытворчасці.

belapan.com