„БСБ Банк” дамовіўся з „БНБ-Банкам” пра абслугоўванне кліентаў — фізічных асоб
Пазбаўлены ліцэнзіі на некаторыя аперацыі фізічных асоб „БСБ Банк” заключыў пагадненне з „Беларускім народным банкам” („БНБ-Банк”) аб супрацоўніцтве па абслугоўванні кліентаў — фізічных асоб.
Як паведаміў БелаПАН „БСБ Банк”, у межах пагаднення банк прапануе кліентам — фізічным асобам, у тым ліку уладальнікам зарплатных праектаў і індывідуальным прадпрымальнікам, па спрошчанай працэдуры перавесці рахункі фізічных асоб на абслугоўванне ў „БНБ-Банк”. Пры гэтым кліенты і далей змогуць звяртацца ў „БСБ Банк” па пытаннях выпуску і суправаджэння карт „БНБ-Банка”, а таксама звыкла карыстацца офісамі і іншымі сэрвісамі і прадуктамі „БСБ Банка”.
„Мы вельмі ўважліва падышлі да выбару партнёра, звярталіся з запытамі ў розныя банкі. Акрамя тэхнічных магчымасцяў звярталі вялікую ўвагу на гатоўнасць даваць сэрвіс нашым кліентам і жаданне адпавядаць высокім стандартам нашага банка. І заяўляем, што змаглі знайсці такога партнёра, які ўзяў на сябе абавязацельствы якасна абслугоўваць кліентаў і рабіць неабходныя крокі для далейшага паляпшэння сэрвісаў”, — адзначыў выканаўца абавязкаў старшыні праўлення „БСБ Банка” Віталь Рабцаў.
Дасягнутыя дамоўленасці, згодна з якімі пры пераходзе кліенты „БСБ Банка” атрымаюць умовы, аналагічныя дзейным. Пры гэтым з’явяцца дадатковыя паслугі і новыя сэрвісы. Стануць даступныя новыя магчымасці плацежных карт, у тым ліку опцыі авердрафтнага крэдытавання, афармлення крэдытных карт з грэйс-перыядам, бясплатнага павышэння ўзроўню карты, пашырэнне сеткі банкаматаў, а таксама тэрміновыя дэпазіты ў беларускіх рублях і замежнай валюце на прывабных умовах.
Кліентам „БСБ Банка” будуць выпускаць новыя плацежныя карты „БНБ-Банка”. Выкарыстоўваючы гэтыя карты, кліенты змогуць здымаць сродкі ў банкаматах „БСБ Банка” і „БНБ-Банка”. Наступным крокам павінна стаць аб’яднанне банкаматных сетак двух банкаў, што патрабуе вырашэння тэхнічных пытанняў з плацежнымі сістэмамі.
Каб выказаць сваю згоду на пераход, уладальнікам зарплатных праектаў не спатрэбіцца пераафармленне зарплатнага дагавора. Аформіць заяўку на перавод рахункаў фізічных асоб у „БНБ-Банк” можна будзе не пакідаючы офіс: юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам — з дапамогай сістэм кліент-банк або інтэрнэт-банк, фізічным асобам — з дапамогай SMS-паведамлення з мабільнага тэлефона.
Як паведамлялася раней, 26 чэрвеня Нацбанк адклікае у ЗАТ „БСБ Банк” ліцэнзію на асобныя банкаўскія аперацыі фізічных асоб. Са згаданай даты банк не будзе ажыццяўляць дзейнасць па ўкладных аперацыях, а таксама па аперацыях з плацежнымі карткамі фізічных асоб. З гэтага дня стане недаступнае зняцце і папаўненне грашовымі сродкамі наяўных рахункаў фізічных асоб і карт-рахункаў банка, разлікі па яго плацежных картах.
У паведамленні рэгулятара гаварылася, што рашэнне ў частцы працы „БСБ Банка” з фізічнымі асобамі прынятае „з улікам выяўленых падчас праверкі банка парушэнняў і недахопаў у яго дзейнасці”. Наяўным укладчыкам грошы будуць вернутыя.
Пры гэтым „БСБ Банк” працягвае ў поўным аб’ёме працаваць з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
БелаПАН