„БСБ Банк” парушыў Банкаўскі кодэкс
Нацыянальны банк Беларусі ўстанавіў, што „БСБ Банк” парушыў артыкул 109 Банкаўскага кодэкса. Паводле інфармацыі БелаПАН, гэта стала адной з падстаў для адклікання ў банка ліцэнзіі на працу з укладчыкамі.
У чэрвені рэгулятар адклікаў у „БСБ Банка” ліцэнзію, якая дазваляла прыцягваць грашовыя сродкі насельніцтва на рахункі і ва ўклады. Нацбанк паведаміў, што гэтае рашэнне прынятае „з улікам выяўленых падчас праверкі банка парушэнняў і недахопаў у яго дзейнасці”, аднак не канкрэтызаваў, з чым яны звязаныя.
Як удалося высветліць БелаПАН, падчас нядаўняй сустрэчы з групай эканамістаў Нацбанк растлумачыў, што ў камерцыйнага банка з 2009 года выяўляліся парушэнні Банкаўскага кодэкса. Падчас апошняй праверкі зафіксаванае парушэнне 109-га артыкула кодэкса (у ім пералічаныя патрабаванні да арганізацыі карпаратыўнага кіравання банкам, унутранага кантролю і кіравання рызыкамі). Акрамя таго, у цэнтральнага банка існуе шэраг „структурных пытанняў” да камерцыйнага банка, якім неабходна даць прававую ацэнку.
Будучыя ліцэнзійныя паўнамоцтвы „БСБ Банка”, як заяўляюць у Нацбанку, будуць залежаць ад здольнасці камерцыйнага банка ліквідаваць выяўленыя парушэнні.
Беларуска-швейцарскі „БСБ Банк” раней выказваў „сваё здзіўленне жорсткасцю прынятага рашэння” і заяўляў, што адкліканне ліцэнзіі не адпавядае характару выяўленых парушэнняў.
За 10 дзён (з 16 па 25 чэрвеня) „БСБ Банк” з 55 млн рублёў, якія належаць фізічным асобам, вярнуў кліентам прыблізна 52 млн рублёў. „На жаль, не ўсе змаглі прыйсці ў банк па грошы да названай даты, і на рахунках фізічных асоб у банку засталося прыкладна 3 млн рублёў”, — канстатаваў „БСБ Банк”.
З 26 чэрвеня абавязацельствы па кампенсаванні банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), прыцягнутых ЗАТ „БСБ Банк”, перайшлі да дзяржаўнага Агенцтва па гарантаваным кампенсаванні банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб.
„БСБ Банк” па памеры актываў на 1 чэрвеня 2017 займаў 17-е месца ў банкаўскай сістэме Беларусі (доля актываў банка ў банкаўскай сістэме — 0,4%). Нарматыўны капітал банка на гэтую дату склаў 56,6 млн рублёў. Камерцыйны банк працуе на беларускім рынку з 2002 года.