Будаўнік – самая патрэбная спецыяльнасць у Пінску
Па афіцыйнай інфармацыі ў горадзе над Пінай звыш тысячы беспрацоўных грамадзян. Больш за ўсіх працадаўцы шукаюць будаўнікоў, а вось асобы з вышэйшай адукацыяй амаль не патрэбныя.
Спецыяліст цэнтра працы і занятасці Наталля Краўцэвіч не бачыць у гэтым нічога дзіўнага, бо ўжо даўно змяніўся рынак працы і попыт на прафесіі:
– Рынак працы трохі відазмяніўся, патрэба ў працоўных прафесіях вельмі высокая таму, што перанасычанасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй вельмі вялікая. Змарнаваўшы 4-5 гадоў хлопцы вяртаюцца, каб атрымаць працоўную прафесію, або ідуць гандляваць, або ідуць у цэнтр занятасці перавучвацца на таго ж газазваршчыка ці на кухара, то бок зноў такі ж вяртаюцца да таго, каб атрымаць працоўную прафесію. Лепш быць добрым, запатрабаваным маляром-тынкоўшчыкам, чым атрымаць адукацыю эканаміста і застацца ні з чым.
Тым, хто не хоча перавучвацца і ісці праваць на будоўлю, Пінскі цэнтр працы і занятасці можа прапанаваць уладкавацца медыцынскім работнікам у мясцовую паліклініку ды хуткую, або ў аграрна-прамысловы комплекс на свінаферму.
Пятро Савіч. Беларускае Радыё Рацыя