Будаўнікі з Гарадзеншчыны масава з’язджаюць у Калінінград
Будаўнікі з Гарадзенскай вобласці масава з’язджаюць на заробкі ў Калінінград, які рыхтуецца да правядзення гульняў чэмпіянату свету па футболе – 2018. Галоўная прычына – адсутнасць працы на будоўлях рэгіёну. У Прынёманні сёлета істотна зменшыліся аб’ёмы будаўніцтва паводле дзяржаўнай замовы. Прычына – адсутнасць сродкаў, паведаміў старшыня Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэту Уладзімір Краўцоў:
– Закончыліся дзяржаўныя заказы, перасталі будаваць комплексы, фермы, не тыя маштабы будаўніцтва жылля. Няма зараз у дзяржавы рэсурсаў, каб з размахам будаваць, а на новыя формы, на іпатэку, на жыллёвыя субсідыі мы не перайшлі.
У параўнанні з мінулым годам на Гарадзеншчыне ў два разы зменшылася будаўніцтва жылля – гэта тычыцца як тых, хто будуецца на агульных умовах, так і льготныя катэгорыі грамадзян. У сувязі з фінансавым крызісам, своечасова не атрымаюць жыллё інваліды, шматдзетныя сем’і і тыя асобы, якія чакаюць на атрыманне кватэры больш за 10 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота klg.aif.ru