Будаўніцтва Беларускай АЭС застаецца спрэчным
Да канца 2015 года колькасць людзей, якія працуюць на будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы перавысіць 6 тысяч чалавек. У выпадку бесперапыннага фінансавання, якое ажыццяўляецца з расейскага крэдыту, сёлета запланавана асвоіць 633 мільёны даляраў.
Сродкі накіруюць на будаўніча-мантажныя працы і абсталяванне для станцыі, узвядзенне якой паводле грамадскага актывіста Мікалая Уласевіча, надалей выклікае спрэчкі ў беларускім грамадстве:
– Ёсць праблемы. Што датычыць экалагічнага аспекту, то напэўна ўсё зразумела – гэта вельмі небяспечна, гэта вельмі шкодна. Што датычыць эканамічнага праекта, то наўпрост скажу, што я асабіста не бачу ў гэтым праекце ніякай складаючай. У дадзеным выпадку гэта хутчэй палітычны праект, а можа нават і вайскова-палітычны, пра што не прынята казаць.
Кошт будаўніцтва беларускай атамнай станцыі складзе прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Фінансаванне працаў ажыццяўляецца дзякуючы крэдыту ўрада Расейскай Федэрацыі, які павінен пакрыць 90% выдаткаў. Пуск першага энергаблока запланаваны на 2018 год, а другога – на 2020.
Беларускае Радыё Рацыя