Будаўніцтва „Газпром-цэнтра” закансервавана
Будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу „Газпром-цэнтр” у Менску закансерваванае з 22 снежня 2016 года. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Менгарвыканкама Мікалай Бутрым.
Паводле яго слоў, дакумент аб кансервацыі аб`екта падпісаў генеральны дырэктар ААТ „Газпром трансгаз Беларусь” Уладзімір Маёраў.
Работы па будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу практычна не вядуцца з канца жніўня. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, асноўнай прычынай прыпынення стала скарачэнне фінансавання праекта з боку ААТ „Газпром” з-за газавай спрэчкі паміж Беларуссю і Расеяй. „Яны (расейцы) спрабавалі нам неафіцыйна намякнуць, што грошы, якія мы павінны плаціць Расіі за газ, гэта і ёсць тыя грошы, за якія будуецца гэты аб’ект. І калі мы перастаем плаціць, то аўтаматам перастае фінансавацца гэтая будоўля”, — растлумачыла ў снежні інфармаваная крыніца.
Сёння гэтую інфармацыю пацвердзіла іншая кампетэнтная крыніца. Паводле яе слоў, будаўніцтва комплексу будзе адноўленае пасля таго, як Беларусь разлічыцца з Расеяй па даўгах за газ, якія перавышаюць 400 млн даляраў. „Грошы могуць з’явіцца, калі будзе вырашаны газавы канфлікт”, — сказаў ён.
Іншшай прычынай кансервацыі будаўніцтва „Газпром-цэнтра” называліся тэхнічныя праблемы.
Бутрым гэта пацвердзіў. „Аб’ект падзяляецца на дзевяць пускавых комплексаў, адзін з пускавых комплексаў — вышынная частка. Вось па вышыннай частцы вядуцца новыя разлікі”, — паведаміў намеснік кіраўніка камітэта будаўніцтва і інвестыцый гарвыканкама. З-за таго што будынак вельмі высокі (189 метраў), з часам ён будзе прасядаць, таму зараз разглядаюцца варыянты ўмацавання падмурка альбо зніжэння вышыннасці будынка, растлумачыў Бутрым.
Кампанія „Газпром трансгаз Беларусь” сітуацыю не каментуе.
Шматфункцыянальны комплекс „Газпром-цэнтр” узводзіцца на скрыжаванні вуліцы Філімонава і праспекта Незалежнасці на плошчы 8,27 га, дзе раней размяшчаўся аўтавакзал „Маскоўскі”. Знос аўтавакзала ў сувязі з будаўніцтвам новага аб’екта выклікаў незадаволенасць у шматлікіх менчукоў.
Будаўніцтва „Газпром-цэнтра” пачалося ў жніўні 2015 года. На афіцыйнай цырымоніі з гэтай нагоды старшыня праўлення „Газпрома” Аляксей Мілер заявіў: „Шматфункцыянальны комплекс, які мы сёння пачнем будаваць, — гэта сучасны праект, ён будзе рэалізаваны па самых сучасных тэхналогіях і патрабаваннях. Мы ўпэўненыя, што гэты праект стане яшчэ адной новай, яркай візітнай карткай Менска”.
Плануецца, што комплекс будзе ўключаць офісы расейскага „Газпрома”, гасцініцу, паркінг, фізкультурна-аздараўленчы комплекс і медыцынскі цэнтр. Акрамя таго, на тэрыторыі аб’екта плануецца размясціць дзіцячы цэнтр развіцця і спадарожныя аб’екты гандлю і паслуг. Будынак вышынёй 189 метраў кіраўнік „Газпрома” назваў „цэнтрам кампазіцыі”.
Першапачаткова заяўлялася, што будаўніцтва будзе завершанае ў 2018 годзе. Арыенціровачны памер інвестыцый — 900 млн даляраў.